Свята ў Будславе стала таксама святам беларускай вышыванкі
Фэст абраза Маці Божай Будслаўскай сам па сабе з'яўляецца аднаўленнем беларускай хрысціянскай традыцыі, аднак у гэтым годзе нацыянальны характар свята быў асабліва заўважным.
Значная частка пілігрымаў, у падаўляючай колькасці маладых, прыйшлі ў Будслаў у беларускіх вышытых кашулях, футболках з нацыянальным арнаментам ці са стужкамі з народнымі ўзорамі.
"Касцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры; вышыванкі — гэта частка нашай культуры і самабытнасці; і калі гэта спрыяе ўмацаванню самасвядомасці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам — я думаю, гэта вельмі добрая справа", — казаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у канцы мінулага года, каментуючы рост папулярнасці народных строяў і ўзораў у Беларусі.
Прапануем вашай увазе падборку фота ўдзельнікаў Будслаўскага фэста 2015 года ў вопратцы з нацыянальнымі арнаментамі.
"Я сам з'яўляюся парафіянінам Будслаўскага санктуарыя, кожную нядзелю прыходжу на Імшу, лічу, што нацыянальнае адзенне мы павінны апранаць, каб людзі памяталі, што яны маюць сваё адзенне", — дзеліцца Віктар Апанасевіч з Будслава, які, апрануты ў нацыянальную кашулю і падперазаны пасам, праходзіцца па плошчы каля санктуарыя ў чаканні ўрачыстай Імшы.
У брата Яўгена Голуба, які спяшаецца па сцежках парка сярод парасонаў, якія абараняюць ад сонца, з-пад хабіта свецяцца белыя манжэты з чырвоным арнаментам. Адна кашуля з нацыянальным арнаментам
— і нават манаскі хабіт становіцца больш урачыстым і святочным.
Брат Яўген кажа, што, калі прыязджаеш у Нацыянальны санктуарый, які ў нас адзін у краіне, то і адзенне варта мець нацыянальнае.
«У нацыянальны ў нацыянальным» — кажучы коратка, але дакладна.
«А чаму і не апранаць, нават проста таму, што гэта прыгожа і яно сваё», — дадае пілігрым Антось Паплёўка з Лагойска.
Аляксандр Гелагаеў, Аксана Ючкавіч, catholic.by