Стартаваў IV Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой стыль”
Нягледзячы на даждлівае надвор’е, градус падзей у Гродне падвышаецца з кожнай гадзінай. 16 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У прывітальным слове на адкрыцці фестывалю сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук адзначыла, што спадзяецца на тое, каб ёй ніколі не было сорамна за сваіх калег па цэху і дадала: “Няхай вам шчасціць!”
“Фестываль моладзевай журналістыккі праводзіцца ўжо чацвёрты раз. За гэты час многае змянілася. Напрыклад, стала больш удзельнікаў, майстроў, гасцей, майстар-класаў, розных мерапрыемстваў. У першы год было зарэгістравана каля сотні чалавек, а сёння ужо больш за паўтысячы! Такія фестывалі праводзяцца для таго, каб пачынаючыя журналісты маглі празнаёміцца з майстрамі сваёй працы і павучыцца ў іх”, – адзначыў старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік.
Мерапрыемства будзе праходзіць на працягу трох дзён. За гэты час адбудзецца шмат майстар-класаў, некалькі выстаў і канцэртаў, ток-шоу і нават фестывальны аўкцыён.