Старшыню таварыства дома з БЧБ-падсветкай аштрафавалі

Шматпавярховік па праспекце Дзяржынскага, 119, стаў яшчэ больш прыкметным пасля таго, як жыхары дома ўключылі на агульных лоджыях асвятленне ў бел-чырвона-белых колерах. Учора старшыню мясцовага Таварыства аштрафавалі, паведамляе TUT.BY

Так выглядае дом па праспекце Дзяржынскага, 119, калі ўключана бел-чырвона-белае асвятленне на лоджыях. Фота: чытач TUT.BY

Так выглядае дом па праспекце Дзяржынскага, 119, калі ўключана бел-чырвона-белае асвятленне на лоджыях. Фота: чытач TUT.BY


Дом на Дзяржынскага, 119, ужо каля трох тыдняў асабліва вылучаецца ў цемры дзякуючы бел-чырвона-белай падсветцы на ўсіх паверхах. У таварыстве нават праводзілі апытанне — за такое асвятленне выказалася большасць жыхароў дома.
Учора, 5 кастрычніка, старшыню таварыства ўласнікаў Канстанціна Савіцкага запрашалі на размову ў Адміністрацыю Маскоўскага раёна Менска. Акрамя мясцовых чыноўнікаў на месцы быў і супрацоўнік РАНС.
— Прадстаўнік адміністрацыі казаў, што не варта нагнятаць абстаноўку, што такая колеравая схема цяпер толькі сутыкае людзей — тых, хто падтрымлівае пратэстны рух, і тых, хто супраць яго. Каб зняць напружанне ў насельніцтва, рэкамендавалі прыбраць чырвоныя лямпы. Я адмовіўся, — кажа Савіцкі.
У той жа дзень у дом на Дзяржынскага, 119, прыехала праверка з РАНС. Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў доме знайшлі, старшыні таварыства ўласнікаў выпісалі штраф-30 базавых велічынь (810 рублёў).
— З пратаколам я згодны — парушэнні, хоць і не грубыя, але ёсць. Пакінуты вазок на паверсе, ровар — усё гэта было.

bchb__podsvetka_dom_na_dzerzhinskogo___06.jpg


Што ў пратаколе? Напрыклад, ёсць праблемы з фіксаваннем дзвярэй, загрувашчаны праходы, у некаторых месцах у доме самавольна ўстаноўлены дзверы, на двух паверхах аднаго з пад'ездаў у момант праверкі не было пажарных рукавоў і ствалоў.
Па словах старшыні таварыства, раней кантралюючыя органы, калі і выяўлялі нейкія парушэнні, то спачатку выдавалі прадпісанні для іх ліквідацыі.
— У гэтым выпадку даваць нам час ніхто не збіраўся. Закон працуе супраць нас, — кажа старшыня.
Увечары жыхары дома сустрэліся: абмяркоўвалі, як быць далей. Адзін з іх, Валянцін, распавёў TUT.BY, што яго абсалютна задавальняюць каляровыя лямпачкі на лоджыях.
— Наш дом адносна новы, яму гадоў пяць. Яшчэ калі яго засялялі, на лоджыях дзесьці плафоны паздымалі, дзесьці скралі лямпачкі. Ніякаму МНС не было справы да таго, што ў месцах эвакуацыі і ў месцах агульнага карыстання не было асвятлення. А цяпер жыхары самі купілі лямпачкі, зрабілі каляровае асвятленне — адразу з'явілася справа да нашага дома, — абураны жыхар. — Чырвоны колер нідзе нікім не забаронены.
На сходзе пакуль вырашылі выключыць падсвятленне часткова. На лоджыях вежаў, якія выходзяць на праспекце Дзяржынскага, выкруцілі чырвоныя лямпы. З боку двара яркая расфарбоўка засталася. Жыхары гатовыя аплаціць штраф, які выпісалі старшыні, а таксама разважаюць, як могуць абараніць свае правы.
TUT.BY, не ўдалося аператыўна атрымаць каментар па бел-чырвона-белай падсветцы ў Адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы, калі ён з'явіцца пазней-абавязкова апублікуем.