Спявачку Мэрыем Герасіменка, якая выканала за Зыбіцкай песню «Обіймі», пасадзілі на 15 сутак

Спявачку Мэрыем Герасіменка, якая выканала на мінскай тусовачнай вуліцы Зыбіцкай песню «Обіймі» ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы», пасадзілі на 15 сутак. Прозвішча дзяўчыны з'явілася ў тэлеграм-канале «Спіскі Акрэсціна».

photo_2022_08_06_15_37_34.jpg

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, справу Мэрыем Герасіменка разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска. Ад людзей, якія былі з ёй у адной камеры, вядома, што дзяўчына трымаецца ўпэўнена, аднак пасля затрымання не спала двое сутак. Па якім артыкуле судзілі артыстку, невядома.

Паводле непацверджанай інфармацыі, разам з Мэрыем маглі затрымаць і яе хлопца.

На гэтым тыдні Мэрыем Герасіменка выканала песню гурта «Акіян Эльзы» «Обіймі» на Зыбіцкай для бара «Банкі-бутэлькі». Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Мерыям нібыта «даўно была на кантролі беларускіх сілавікоў, і частку даходаў, атрыманых ад сваёй дзейнасці, накіроўвала на патрэбы УСУ, у тым ліку прыняла ўдзел у спансаванні Украіны па закупцы БПЛА Bayraktar TB2».

Раней стала вядома, што кіраўніка бара «Банкі-бутэлькі» Андрэя Жука, каля якога прайшоў выступ спявачкі Мэрыем Герасіменка, пакаралі 30 суткамі арышту.