Сілавікі працягваюць рэйды па гарадах паблізу ўкраінскай мяжы

Пра новыя хвалі актыўнасці сілавікоў у Ельску і Іванаве паведамляюць праваабаронцы. Меркавана, шукаюць партызанаў і інфарматараў.

Іванава. Фота: Anna Ostrowska

Іванава. Фота: Anna Ostrowska

Чарговая дыверсія на чыгунцы адбылася ў Берасцейскай вобласці, паблізу былі знойдзены каністры з фарбаваным палівам, што выкарыстоўваюць у калгасах. Ужо некалькі дзен працягваюцца «візіты» сілавікоў да грамадзян у Іванаве і раёне. Асаблівую ўвагу надаюць калгасам і калгаснікам. У ноч з 5 на 6 жніўня сілавікі разагналі народ у іванаўскім бары «Мёд», тых, хто адмовіўся сыходзіць, затрымалі. Частка наведвальнікаў спрабавала працягнуць адпачынак на бліжэйшай запраўцы, але праваахоўнікі наведаліся і туды. Адзначаецца, што міліцыянты былі на аўто з нумарамі Мінскага рэгіёна.
Станцыя Ельск — важны лагістычны пункт для пераброскі расійскай тэхнікі. Вядома, што ўчора па горадзе перасоўваліся АМАПаўцы, заходзілі ў пад'езды. Праваабаронцы лічаць, што вядзецца пошук людзей, якія перадавалі ў СМІ фота з тэхнікай. Інфармацыі пра затрыманні пакуль няма.
Раней праўладныя каналы паведамлялі пра «зачыстку» ў Нароўлі і Хойніках, а тры тыдні таму падчас хвалі ператрусаў і арыштаў у Іванаве было затрымана не менш за 8 чалавек.