Сёння Статкевіча зноў будуць судзіць. За кратамі калоніі
Сёння, 4 траўня, у шклоўскай калоніі мае адбыцца суд над былым кандыдатам на прэзідэнта Мікалаем Статкевічам, якому пагражае турма за парушэнні рэжыму ўтрымання.
Як стала вядома Свабодзе, асабістая справа вязня Мікалая Статкевіча складаецца з 5 тамоў.
«Прыкладна палова дакументаў у справе — гэта заявы на спатканні ды іншыя хадайніцтвы, але вельмі шмат дакументаў з ліставання з рознымі ўстановамі адносна парушэнняў правоў вязняў. І адносна працы, і адносна матэрыяльнага забеспячэння. Ён звяртаецца адносна розных момантаў, фіксуе іх, дамагаецца адказаў. Сістэма там вельмі закрытая: калі людзі там сядзяць, дык іхнія скаргі фактычна застаюцца без увагі, а калі яны вызваляюцца, дык ужо не могуць даказаць, што парушэнні былі. Змагацца з такой сістэмай — як змагацца з ветраком, але Статкевіч не здаецца. Вось і новая крымінальная справа, як ён лічыць, часткова матываваная тым, што ён пісаў шмат скаргаў на ўмовы ўтрымання ў пракуратуру ды іншыя ўстановы», — распавяла "Радыё Свабода" дасведчаная крыніца.
Напярэдадні адвакат пазнаёміўся з крымінальнай справай, заведзенай па Мікалая Статкевіча. Што вядома пра доказы выстаўленых Статкевічу абвінавачанняў?
«Справа складаецца з прадстаўлення на яго аб замене ўтрымання ў калоніі на турэмны рэжым плюс рапарты аб парушэннях, якія нібыта ён дапусціў. Першы рапарт, што ён як прыехаў, быў апрануты неадпаведна патрабаванням, і з-за гэтага ўзнікла спрэчная сітуацыя. Потым яго запрасілі піць чай, і ён затрымаўся на 5 хвілін пасля адбою, і гэта таксама палічылі за парушэнне, хоць зразумела, што сітуацыю стварылі невыпадкова.
А далей усе парушэнні звязаныя з тым, што яго нагружалі вялікімі аб’ёмамі працы па прыбіранні тэрыторыі. Паводле закону, могуць прымусіць гэтым займацца не больш як 2 гадзіны на тыдзень, а яго нагружалі па 42–45 гадзінаў — такая была пабудаваная схема. З размоваў з іншымі вязнямі выявілася, што гэта рабілася адмыслова супроць Статкевіча. Ён гэта палічыў парушэннем закону і звяртаўся да адміністрацыі з гэтай нагоды, але да яго не прыслухаліся, і тады ён адмовіўся ад працы. А паколькі ён адмовіўся працаваць, дык на яго сталі складаць пратаколы штодня. Такіх актаў набралася больш за 5–6, і гэта стала падставай да накіравання на яго прадстаўлення аб турэмным рэжыме. То бок, без высвятлення прычын адмовы Статкевіча ад працы яго сталі караць. Пазбавілі кароткатэрміновых, доўгатэрміновых спатканняў, перадач, сталі выносіць вымовы. Вось якая была схема».
Паводле звестак са шклоўскай калоніі, на стан здароўя Мікалай Статкевіч не скардзіцца, адчувае сябе добра і гатовы да судовага працэсу.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю вулічных беспарадкаў 19 снежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. Пасля суду Мікалая Статкевіча паўгода трымалі ў шклоўскай калоніі, потым тры гады ў магілёўскай турме як злоснага парушальніка рэжыму. У студзені 2015 году палітвязня вярнулі ў шклоўскую калонію, а цяпер яму зноў пагражае турэмны рэжым.