ЕС заклікаў перагледзець прыгавор палітвязню Мікалаю Дзядку

Еўрапейскі саюз заклікаў улады Беларусі перагледзець прыгавор палітвязню 26-гадоваму Мікалаю Дзядку.



dedok.jpg

"Важнасць, якую ЕС надае пытанню палітычных зняволеных у кантэксце адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, застаецца нязменнай", — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешняга дзеяння наконт працягу турэмнага тэрміну Мікалаю Дзядку, якога павінны былі вызваліць 3 сакавіка.


Як зазначае ЕС, рашэнне беларускага суда прадоўжыць тэрмін зняволення Мікалаю Дзядку па абвінавачванні ў парушэнні правілаў турэмнага распарадку, а таксама адмова ў задавальненні яго скаргі на прыгавор, "вартыя шкадавання".


"Мы заклікаем улады Беларусі перагледзець прыгавор сп. Дзядка, вызваліць яго неадкладна і вызваліць усіх астатніх палітычных зняволеных", — гаворыцца ў заяве.


26 лютага 2015 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў палітвязня Мікалая Дзядка, які знаходзіцца ў турме, вінаватым у злосным парушэнні рэжыму і прыгаварыў яго да года і трох дзён пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення Дзядка заканчваўся 3 сакавіка, аднак прызнанне судом яго вінаватасці ў новым злачынстве адтэрмінавала выхад на волю.


30 красавіка падчас разгляду скаргі зняволенага на гэтае рашэнне ў пачатку пасяджэння касацыйная калегія адхіліла хадайніцтва Дзядка аб выкліку яго на судовае пасяджэнне. Суддзі пагадзіліся з меркаваннем боку абвінавачвання, што ў прысутнасці зняволенага няма неабходнасці, бо яго пазіцыя выкладзеная ў дакументах скаргі.


Дзядок быў асуджаны 27 мая 2011 года. Суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). Як мяркуюць праваабаронцы, падставай для прыгавору Дзядку стаў яго ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расійска-беларускіх ваенных вучэнняў.
Андрэй Серада, БелаПАН