Мікалая Статкевіча пераводзяць з калоніі ў турму

Суд, які праходзіў у Шклоўскай калоніі 4 траўня прызнаў палітвязня вінаватым у парушэнні рэжыма ўтрымання.



statkievic_0405.jpg

Экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі, перавядуць у турму. Суд прызнаў яго вінаватым у злосным парушэнні рэжыму ўтрымання. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, а на паседжанне пусцілі толькі жонку Мікалая Статкевіча — Марыну Адамовіч. Не трапілі на суд ні праваабаронцы, ні нават назіральнік ад АБСЕ.

Сам палітвязень выглядае і пачуваецца нармалёва. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміла пасля суда Марына Адамовіч.

Адамовіч: "Як чакалася, суддзя Баранцава прыняла рашэнне задаволіць прадстаўленне адміністрацыі Шклоўскай калоніі і перавесці Міколу на турэмны рэжым да канца тэрміну. Выглядае ён нармальна, але ўвесь стаў сівы".

Тэрмін пакарання Статкевіча заканчваецца праз 1 год і 7 месяцаў. У 2011 годзе яго асудзілі на шэсць гадоў. Палітыка затрымалі ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі ён быў кандыдатам у прэзідэнты. Статкевічу некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмаўляўся.

Фота — AFP

euroradio.by