Сяргей Нікалюк: У Беларусі пануе сярэднявечча

Такое меркаванне выказаў беларускі палітолаг Сяргей Нікалюк на канферэнцыі ў Варшаве, якая прысвечана сённяшнім эканамічным, палітычным і грамадскім праблемам у Беларусі.



nikoliuk_532.jpg

Фота belapan.com

Сваю думку ён аргументаваў тым, што ў Беларусі не выкананы асноўныя задачы буржуазных рэвалюцый, а гэта значыць, што грамадства не пачало жыць па закону:

— Мы ўсе сядзім у сваіх норках, а калі праблемы з дзяржавай, то мы іх вырашаем прыватным шляхам, то бок не законна працуе, а ўсё ў наяўных. Дык у нас і дзяржава так працуе. Для Аляксандра Рыгоравіча яго адносіны з Расеяй — гэта яго адносіны з Пуціным. Сама дзяржава не рэгулюе сваю дзейнасць законамі, а асабістымі дамоўленасцямі. Не важна якія законы і не важна якую пасаду вы займаеце, там “на версе” ўсё таксама вырашаецца шляхам асабістых дамоўленасцяў — гэта і ёсць сярэднявечча.

На думку палітолага і сацыёлага, галоўная праблема заключаецца ў самім грамадстве, якое хоча жыць па-амерыканску, па-еўрапейску і пры гэтым працаваць па-беларуску:

— Я папрацаваў, значыць вы мне заплаціце, а які рынкавы вынік працы, бо вынік працы ацэньвае рынак, а мне якая справа? Я ж прыйшоў, я зэдлікі сабраў. А тое, што гэтыя зэдлікі не прадаюцца, я тут пры чым, гэта не да мяне пытанне. Як гэта Гегель казаў, не трэба прымаць узбуджэнне за натхненне, а стомленасць за вынік працы.

Паводле Сяргея Нікалюка, гэта адна з прычын сённяшняй неканкурэнтаздольнасці беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя