Сілавікі прыйшлі да аператара сеткі «5 элемент»
Сёння ў галаўны офіс групы кампаній «Паціа», якая кіруе сеткай магазінаў бытавой тэхнікі і электронікі «5 элемент», наляцелі праваахоўныя органы. Пра гэта TUT.BY паведамілі інфармаваныя крыніцы і пацвердзілі ў самой кампаніі.
«З самага ранку ўзняўся гвалт у офісе. Былі маскі-шоу. Мала хто зразумеў, што адбываецца. Канфіскавалі бухгалтэрыю, фінансавыя дакументы. Шэраг кіраўнікоў затрымалі. Сілавікі працягваюць знаходзіцца ў офісе», — сказала крыніца.
«Праводзіцца праверка на адным з паверхаў. Нейкія каментары могуць быць пасля яе завяршэння. Нічога экстраардынарнага пакуль не адбываецца. Офіс кампаніі і ўсе крамы працуюць у штатным рэжыме», — растлумачылі ў «Паціа», але там не маюць інфармацыі аб затрыманні супрацоўнікаў.
Атрымаць аператыўны каментар у сілавых ведамствах пакуль не ўдалося.
Варта сказаць, што ў гісторыі «Паціа» ёсць прыклады, калі ёй даводзілася адбіваць прэтэнзіі кантралюючых органаў. У снежні 2014 года Мінгандлю прыпыніла працу 3 крам сеткі «5 элемент» з-за парушэнняў заканадаўства аб гандлі. Адна з ключавых прэтэнзій — недастатковая колькасць тавараў беларускай вытворчасці.
Тагачасны памочнік кіраўніка краіны, а сёння першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў назваў «нязграбнымі» дзеянні Мінгандлю супраць «5 элемента». «Усім зараз цяжка, вы ведаеце, якая сітуацыя. Але замест таго каб вырашыць пытанні ў рэжыме дыялогу, мы размахвалі дубінай», — сказаў Рыжанкоў.
«5 элемент» з'яўляецца партнёрам федэрацый футбола, тэніса і баскетбола. А адзін з заснавальнікаў рытэйлера Андрэй Балабін (№ 68 у топ-200 самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў па версіі «Ежедневника») — намеснікам Рыжанкова ў федэрацыі баскетбола. У цяперашні час сетка налічвае больш за 50 магазінаў бытавой тэхнікі і электронікі. Балабін недаступны для каментароў.