Сілавікі ад імя маніторынгавага тэлеграм-канала прапаноўваюць «супрацоўніцтва» ў чат-ботах знаёмстваў
Тэлеграм-канал, што маніторыць ваенную актыўнасць у Беларусі, высветліў, што ў чат-ботах знаёмстваў актывізаваліся сілавікі, якія пад маркай заяўкі на зносіны прапануюць адгукнуцца, «калі ты неабыякавы да сваёй дзяржавы, прагнеш у жыцці толькі міру і гатовы аказаць любую дапамогу».
У асабістых паведамленнях суразмоўца пачынае распавядаць байкі, што нібыта ён прадстаўнік маніторынгавага тэлеграм-канала і такім чынам шукае крыніцы.
Далей гэты «прадстаўнік» просіць чалавека напісаць яго персанальныя даныя: прозвішча, імя, дату і месца нараджэння, дзе вучыўся, дзе працуе, хобі.
Сам тэлеграм-канал падкрэслівае, што ніколі і нікому не піша ў асабістыя паведамленні і ўжо сапраўды не шукае крыніц у чат-боце знаёмстваў. Адзіная крыніца сувязі з маніторынгавай групай — гэта бот: @HajunBYbot
Таксама ніколі і ні пры якіх абставінах не запытвае асабістыя даныя — навошта ведаць сапраўднае імя і, барані божа, хобі?! Тое, што гэты «прадстаўнік» запытвае, называецца дасье.
Тэлеграм-канал падкрэслівае, што не трэба пісаць ніякім акаўнтам, што прадстаўляюцца ад яго імя ў нейкіх чатах.
Але калі вы ўсё ж напісалі ці напісалі вам, то робяцца наступныя крокі:
1. Паведамляць у @hajunbybot, што сілавікі прыкідваюцца прадстаўнікамі маніторынгавага чата з наступнага акаўнта (назваць).
2. Блакіраваць гэты фэйкавы акаўнт.
3. Калі акаўнт на Telegram утрымліваў асабістыя даныя (фота або імя з прозвішчам), то варта выдаліць акаўнт і стварыць новы. Асабліва датычыць тых, хто ўжо паспеў расказаць нешта сілавікам у асабістых паведамленнях.
«Беражыце сябе і будзьце пільныя — вашая бяспека залежыць у першую чаргу ад вас», — гаворыцца ў паведамленні канала.