Што казаў Шамір Макею?

Год таму інтэрнэт абляцела караценькае паведамленне — журналіст скандальнага сайта “Wikileaks Шамір запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта да Уладзіміра Макея. Навошта? Падрабязнасці таемнай сустрэчы “НЧ распавёў журналіст брытанскай газеты “The Guardian.



58182b82110146887c02dbd78719e3d5.jpg

Год таму інтэрнэт абляцела караценькае паведамленне — журналіст скандальнага сайта “Wikileaks Шамір запрошаны ў Адміністрацыю прэзідэнта да Уладзіміра Макея. Навошта? Падрабязнасці таемнай сустрэчы “НЧ распавёў журналіст брытанскай газеты “The Guardian.
Журналіст Ісраэль Шамір — адзіны рускамоўны прадстаўнік праекту “Wikileaks (сайт, што спецыялізуецца на публікацыях сакрэтнай інфармацыі з дыпламатычнай і вайсковай перапіскі). Рэпутацыя Шаміра не менш скандальная за сам сайт: габрэй расійскага паходжання, які супрацоўнічае з неанацысцкімі і антысеміцкімі арганізацыямі, адмаўляе Халакост, называе Андрэя Сахарава “шкадлівым сіянісцкім агентам і лічыць, што габрэі павінны перайсці ў хрысціянства. За кнігу Шаміра “Кветкі Галілеі яе французскі выдавец быў прысуджаны да 3-месячнага арышту і штрафу ў 23500 еўра па іску “Міжнароднай лігі па барацьбе з расізмам і антысемітызмам. Суд прызнаў, што кніга распальвае варожасць да габрэйскага народа. Ісраэль Шамір займаецца не толькі публіцыстыкай, але і грамадскай дзейнасцю — да прыкладу, удзельнічаў у канферэнцыях знакамітага расіста Дэвіда Дзюка “Сіянізм — пагроза сусветнай цывілізацыі і Махмуда Ахмадзінеджада на тэму Халакосту.
Гэты адыёзны чалавек напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мінулага года і прыехаў у Беларусь. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “Інтэрфакс (яно адзінае з усіх СМІ было ў курсе сустрэчы Макея і Шаміра) журналіст распавёў: “Я сустракаўся з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі як назіральнік, а не як прадстаўнік кагосьці. Мы гаварылі пра выбары. Мы не размаўлялі пра “Wikileaks. Ён сустракаўся са мной як з назіральнікам. Сустрэча цягнулася некалькі хвілінаў.
Журналіст славутай брытанскай газеты “The Guardian Кэйпіл Камірэдзі лічыць, што Шамір здаў Адміністрацыі прэзідэнта інфармацыю (у прыватнасці, фінансавую) пра беларускую апазіцыю з базы дадзеных “Wikileaks, якая дагэтуль не была апублікаваная на сайце праекта. Камірэдзі прабыў некалькі дзён у Беларусі, праводзіў уласнае расследаванне візіту Шаміра, сустракаўся з людзьмі, што пацярпелі ад “зліву інфармацыі. Кэйпіл Камірэдзі ласкава пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў газеты:
— Кэйпіл, што дае падставы сцвярджаць, што Ісраэль Шамір прывозіў у Мінск сакрэтныя дэпешы з дыпламатычнай карэспандэнцыі амбасады ЗША?
— Я маю тры прычыны так меркаваць. Па-першае, сам Аляксандр Лукашэнка на канферэнцыі, прысвечанай вынікам прэзідэнцкіх выбараў, заявіў, што хутка будзе апублікаванае так званае “Беларускае дасье “Wikileaks, якое выкрые здраднікаў (маецца на ўвазе апазіцыя). Па-другое, гэта сам Шамір, які ў выніковым артыкуле па сваёй вандроўцы ў Беларусь згадаў, што “Wikileaks атрымала з амерыканскай скарбонкі шмат інфармацыі датычна беларускіх апазіцыянераў. Па-трэцяе, гэта былыя супрацоўнікі “Wikileaks, якія адтуль сышлі на знак пратэсту супраць метадаў працы Шаміра.
— Навошта Шаміру “зліваць інфармацыю пра нашу апазіцыю?
— Ісраэль Шамір і Джуліян Асанж (стваральнік “Wikileaks) — фанатыкі. Многія беларусы спадзяюцца займець дэмакратычную краіну з рынкавай эканомікай, дзе людзі могуць свабодна гандляваць. А Шамір і Асанж якраз і імкнуцца абрынуць падобныя сістэмы кіравання. У іх вачах, ЗША — гэта проста апагей такіх сістэмаў. Кожны, хто супрацьпастаўляе сябе Злучаным Штатам, — іх паплечнік. Любы, хто ўпадабае сістэму кіравання ЗША, — іх вораг. Парадокс ідэалогіі Асанжа і Шаміра ў тым, што яны самі абароненыя свабодамі, якімі іх забяспечвае дэмакратычная краіна. І яны ўласна гэтую краіну імкнуцца абрынуць. У гэтым сваім імкненні зруйнаваць капіталістычную сістэму ЗША, яны падстаўляюць пад пагрозу жыццё прадэмакратычных актывістаў у такіх аўтарытарных краінах, як Беларусь.
— Такім чынам, дзейнасць Шаміра ў Беларусі — не ягоная прыватная ініцыятыва, а палітыка “Wikileaks?
— Шамір не мог прыехаць без згоды Асанжа. Зараз Асанж спрабуе адасобіцца ад Шаміра, але, паводле звестак былога супрацоўніка сайта Джэймса Бола, Шамір — адна з самых значных фігур “Wikileaks, і менавіта Асанж дазволіў яму мець справы з дыпламатычнай перапіскай па Беларусі. Як я казаў, антыдэмакратычная ідэалогія — гэта асноўны матыў Асанжа. Але ж “Wikileaks і зарабляе грошы таксама. Джуліян Асанж імкнецца наладзіць продаж інфармацыі на аўкцыёнах паміж медыйнымі карпарацыямі. Можна дапусціць, што Шамір і “Wikileaks атрымалі плату ад Лукашэнкі за прадстаўленыя дэпешы. Хто аплаціў авіяквіткі Шаміра? Хто аплаціў яму гатэль у Мінску? Гэтыя пытанні занадта важныя, каб іх ігнараваць.
Візіт Ісраэля Шаміра ў Беларусь зацікавіў буйную брытанскую праваабарончую арганізацыю “Індэкс цэнзуры. Арганізацыя даслала запыт у “Wikileaks наконт афіцыйнага статуса ў праекце Ісраэля Шаміра і прасіла спраўдзіць, ці сапраўды журналіст прывёз у Беларусь раней не апублікаваныя дыпламатычныя дэпешы, у якой колькасці, і ці могуць праваабаронцы з імі азнаёміцца. Адказы прадстаўнікоў “Wikileaks былі нешматслоўнымі. “У нас няма інфармацыі на гэты конт, — паведаміў адзін. А другі супрацоўнік праекта абмежаваўся кароткім: “Відавочна, гэта не даказана.


“Міліцыі на вуліцах няма, а Лукашэнка свабодна ходзіць сярод грамадзянаў
На закуску прапаную прачытаць некалькі ўрыўкаў з артыкула Ісраэля Шаміра “Мінскія выбары ў люстэрку “Wikileaks, напісанага па выніках супольнага з Макеем “назірання на выбарах:
“Вуліцы акуратныя і зручныя для пешаходаў, у невялічкіх кавярнях утульна палае агонь, на кожны століку — англійскія газеты. На галоўнай плошчы — вялізная і святочная ёлка, вакол якой заліты традыцыйны каток, і мілыя дзяўчаткі ў белых спаднічках і чырвоных шаліках катаюцца на каньках разам з прывабна апранутымі хлопчыкамі.
“Пройдзе шмат часу, перш чым вы заўважыце якога-небудзь міліцыянта, як правіла — звычайнага супрацоўніка ДАІ. Ніякіх прыкметаў паліцэйскай дзяржавы няма — ні таямнічых чорных машын, ні сакрэтнай цішыні, ні савецкай шэрасці.
“Брукаваныя чыстыя вуліцы напоўненыя людзьмі. Прэзідэнт Беларусі, якога большасць амерыканскіх чыноўнікаў называе “апошнім дыктатарам Еўропы, свабодна гуляе сярод сваіх грамадзян.
“Некаторых людзей матывуе долар, а не патрыятызм. Гэты празаходні натоўп, які можна лёгка пералічыць па пальцах, пратэстуе супраць выбару большасці. [...] Калі яны не могуць прывабіць людзей заходнім доларам, яны пачынаюць змагацца і дамагацца сваіх мэтаў сілаю.
“Беларусь уяўляе сабой цікавую паспяховую мадэль эканамічнага развіцця. Яна нагадвае свету, што мудры кіраўнік здольны захаваць краіну.