Што думаюць украінцы пра расійскую авіябазу ў Беларусі?
Ва Украіне пільна адсочваюць сітуацыю з расійскай вайсковай базай, якую мяркуецца размясціць у Беларусі.
Падрабязнасцяў пра гэтую авіябазу вобмаль — ані расійскі, ані беларускі бок пагэтуль не даюць ніякай афіцыйнай канкрэтыкі. Таксама не дэкларуецца, колькі самалётаў будзе там базавацца, якія гэта будуць самалёты і колькі асабовага складу мяркуецца прыслаць у Беларусь.
Афіцыйны Кіеў неаднаразова заяўляў, што расійская авіяцыя можа наносіць удары з тэрыторыі Беларусі і па аб’ектах на тэрыторыі Украіны. Украінскі карэспандэнт "Радыё Рацыя" Марцін Война зрабіў апытаў жыхароў Чарнігава, памежнага з нашай краінай: што вы думаеце пра расійскую вайсковую базу ў Беларусі?
Алена Ігараўна, настаўніца малодшых класаў:
—Мяркую, што ўсё, датычнае расейскіх вайскоўцаў, можа мець пагрозу не толькі для Украіны, але і для тых дзяржаў, на тэрыторыі каторых будзе знаходзіцца такі вайсковы аб’ект. Нельга верыць ані абяцанкам рускіх, ані іх гарантыям. Беларускі прэзідэнт робіць вялікую памылку, і гэта можа дорага каштаваць і беларусам, і нам, іх суседзям.
Уладзімір Мікалаевіч, адстаўны вайсковец:
— Стварэнне расейскай базы ў Беларусі мае дзве мэты. Па-першае — паказаць Еўропе сваю вайсковую моц. Маўляў, цяпер наша база блізка да вашай мяжы, і нам лягчэй будзе вас бамбіць. Другі накірунак — стварыць пагрозу для Кіева з поўначы. Бо да Кіева так зусім блізка. Таму яны так і робяць. Палітыка — не адна хваля, тут багата спектараў.
Ірына, касірка ў прадуктовая краме:
— На маю думку, узровень тэхнікі цяпер такі, што калі будзе поўнамаштабнае ўварванне расейцаў ва Украіну, то гэта авіябаза ў Беларусі не паўплывае. Нас будуць знічтажаць рознымі “Градамі”, “Ураганамі” і гэтак далей. Калі была вайна на Данбасе, там выкарыстоўвалася рознае ўзбраенне, акрамя бамбардыровачнай авіяцыі. Пэўна, не было каманды. Калі будзе каманда — яны прыляцяць і з Саратава, і з Акцюбінска, і з Масквы — незалежна, будзе ў Беларусі тая база ці яе не будзе.
Дмытро Мамчур, палітолаг:
— Стварэнне расейскай базы ў Беларусі — гэта найперш знак. Знак чаго? Узаемнай любові беларускай і расейскай палітычных эліт з перадачай расейцам нейкіх функцый. Як калісь манголам былі патрэбныя апорныя пункты ўздоўж Вялікага Ядвабнага шляху, так і расейцам патрэбныя базы. Гэта, як сцяжок — маўляў, нашая тэрыторыя, мы тут маем пэўную колькасць расейскіх штыхоў. Вайсковыя базы вельмі рэдка арганізуюцца толькі дзеля таго, каб пагражаць некаму аднаму. Вайсковыя базы заўсёды поліфункцыянальныя. А расейскую базу ў вашае краіне можна выкарыстаць і для пашырэння ўплыву ў той жа самай Беларусі. А таксама — і для дадатковага ціску на Менск. Пагадненне пра расейскую ў нашай краіне будзе дзейснае цягам 15 гадоў і аўтаматычна працягвацца кожныя пяць гадоў, пры ўмове згоды расейскага і беларускага боку.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя