Рознае заканчэнне манёўраў «Захад 2021» каля палігона «Брэсцкі»

Выпадкова атрымалася пабачыць тэхніку беларускай і расійскай арміі каля нулявога кіламетра шашы Р84 Брэст — Дамачава — мяжа з Украінай. Неяк сімвалічна беларускі грузавік заглох і стаяў у чаканні дапамогі, а расійскія вайсковыя спецаўто плаўна каціліся, бы на парадзе.

Грузавік беларускага войска заглох на выездзе з Брэста

Грузавік беларускага войска заглох на выездзе з Брэста

Здарылася гэтае аўташоу з разбежкай у адзін дзень. Спачатку 16 верасня, у афіцыйны апошні дзень супольных беларуска-расійскіх вучэнняў, расійская тэхніка ў суправаджэнні беларускіх спецлегкавікоў з сінімі мігалкамі заклала кола вакол палігона: праехалі чатыры кіламетры па шашы Р94 і потым павярнулі на шашу Р17 Брэст — Маларыта — памежны пераход (ва Украіну, зноў-такі) Макраны. Напэўна, паехалі на другі, паўднёвы бок палігона. Быў гэта парад ці не, цяжка сказаць напэўна. Выглядала хутчэй на пракатку турыстаў.

Грузавікі з двухгаловым арлом на нулявым кіламетры

Грузавікі з двухгаловым арлом на нулявым кіламетры

Што ўражвала, дык гэта геаграфія аўтамабіляў ваеннай паліцыі РФ. Яны найбольш былі падпісаныя: мелі на сабе горад прыпіскі і расійскі тэлефон даверу. Тут табе і Смаленск, і Бранск, і Калуга. Выходзіць, і вайскоўцы адтуль былі?

fota_4._2.jpg

Расійскія вайскоўцы выдаюць на турыстаў
Ехалі спраўна, ніхто не заглох.
А вось пазначаны чырвона-зялёным сцяжком «Урал», нагружаны скачанымі палаткамі, нейкімі цюкамі, загрувасціў веладарожку так, што не аб’ехаць ні стуль, ні з гэтуль. Спытаў, чаму парушаюць правілы, навошта прыпаркаваліся на веладарожцы. Салдацікі маўчалі неяк ніякавата. Здагадаўся: «Заглохлі?» Адзін з каманды вінавата кіўнуў галавой.

Шматлікая ваенная паліцыя РФ пад Брэстам

Шматлікая ваенная паліцыя РФ пад Брэстам

Эх, каб ехаў яшчэ міма іх пажарны аўтамабіль! Як помню, «ЗІЛ» яго марка. Дапатопны, паўвека яму, не меней. Вось бы фота сакавітае было! Леснікі пра яго расказалі, што не спраўляецца больш прыпісаны да палігона «Брэсцкі» вайсковы пажарны аўтамабіль тушыць лес пасля чарговых стрэльбаў. Так той палігон і выгараў, усе дзве тысячы гектараў, гады з два таму, і леснікі ды брэсцкі МНС не далі рады патушыць той вялікі пажар. Цяпер вайскоўцы на вучэннях заўважаныя ў штатных лясах Брэсцкага лясгаса. Няма ў іх больш «зялёнкі».І з такой тэхнікай — якая з ёй вайна. Штурхаць давядзецца.

Канец калоны расійскіх удзельнікаў манёўраў «Захад 2021»

Канец калоны расійскіх удзельнікаў манёўраў «Захад 2021»