Рэбус, які не змог разгадаць актывіст Леанід Кулакоў
Грамадскі актывіст Леанід Кулакоў атрымаў нарэшце па пошце пастанову аб спыненні выканаўчай вытворчасці ў адносінах яго і ягонага аўтамабіля «Фольксваген Туран», на які раней, 29 сакавіка, аддзелам прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска быў накладзены арышт.
Леанід Кулакоў (фота з сацсетак)
Падставай для ранейшага рашэння стала нібыта нясплата адміністрацыйнага штрафу ў памеры 6 300 000 рублёў, які вынес суд Перашамайскага раёна Мінска за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Грошы ўрэшце адшукаліся і вось з’яўляецца на свет божы нечаканая пастанова ад 4 студзеня са слядамі пературбацыі часу:
“Судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Л. Клыга 4 студзеня 2016 года, разгледзела выканаўчы дакумент, выдадзены судом Першамайскага раёна і ўстанавіла:
“…На аўтатранспартны сродак “Фольксваген Туран”, (нумары кузава і год выпуску), зарэгістраваны на імя Кулакова Леаніда, судовым выканаўцам аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Мінска 29.03. 2016 года накладаўся арышт. Па стане на 4.01 2016 года сума доўгу пагашаная ў поўным аб’ёме”. На падставе гэтага… пастанаўляецца зняць арышт на аўтамабіль.
Як на здаровы розум, дык тут без машыны часу не абышлося, хаця прычына, мабыць, празаічная — тэхнічная памылка судовага выканаўцы. Ды справа не зусім у гэтым.
Паколькі Леанід Кулакоў перакананы, што судовыя выканаўцы наклалі арышт на аўтамабіль незаконна, ён абскардзіў дзеянні аддзела прымусовага выканання:
“Дзеянні службовай асобы лічу незаконнымі, паколькі ўказаны аўтамабіль з'яўляецца інвентаром, неабходным для працягу маіх прафесійных заняткаў, i пры гэтым ягоны кошт не перавышае 1000 базавых велічынь (п. 8 Пераліку маёмасці грамадзян, на якое не можа быць звернута спагнанне па выканаўчых дакументах):
паміж мной і ПУП «Антылопа Гну» заключаны дагавор арэнды аўтамабіля з кіроўцам, па якім я перадаў аўтамабіль названаму прадпрыемству і з'яўляюся яго кіроўцам, за што атрымліваю плату па дамове; аўтамабілю прысвоены нумар 7 ТАХ 8164. Кошт дадзенага аўтамабіля ў цяперашні час ніжэй за 1 000 базавых велічынь і складае каля 600 базавых велічынь”.
А вось канкрэтнага адказу менавіта на гэтую скаргу ён яшчэ не атрымаў.
spring96.org