Расія скасоўвае шэраг цягнікоў у краіны Балтыі, Украіну і Беларусь
Расійскія чыгункі з сённяшняга дня перайшлі на новы графік руху цягнікоў. Змены перш за ўсё закранулі маршруты з краінамі СНД і Балтыі.
Пераход на новы расклад звязаны з падзеннем попыту на цэлы шэраг кірункаў. У РЧ падкрэсліваюць, што аб спыненні чыгуначных стасункаў з краінамі СНД і Балтыі гаворка не ідзе - у гэтым кірунку
застаюцца 11 расійскіх цягнікоў.
Скасаваныя самыя маларэнтабельныя. Аднак яшчэ частка цягнікоў перакладзеная на так званае курсіраванне «паводле ўказання». Гэта значыць, што цягнік фактычна не існуе —
яго прызначэнне прадугледжанае толькі пры павелічэнні попыту з боку пасажыраў.
Так, напрыклад, на ўкраінскім кірунку на такі тып руху перакладзены 31 расійскі цягнік і яшчэ адзін сумесны. Пры гэтым, 13 расійскіх і два сумесныя цягнікі скасаваныя.
Таксама змены кранулі цягнікі, якія курсавалі паміж Расіяй і Беларуссю, Азербайджанам і Кыргызстанам. На ўсё тое ж «курсаванне паводле ўказання» пераведзеныя ўсе тры цягнікі ў
Азербайджан і адзін цягнік у Кыргызстан. Аднак у РЧ адзначаюць, што ва ўсіх гэтых кірунках застаюцца цягнікі, якія фармуюцца іншымі краінамі.
Расійскі перавозчык запэўнівае, што пры павелічэнні попыту ў кампаніі гатовы вярнуць раней аптымізаваныя цягнікі.
Новы адкарэктаваны графік руху цягнікоў будзе дзейнічаць да 12 снежня наступнага года.
echo.msk.ru