Прынцып «не да законаў» працуе толькі ў адзін бок: калі трэба пакараць невінаватых

Яшчэ раз пра прысуд Пратасавічу. Прызнаць яго невінаватым азначае прызнаць, што яго арышт быў памылкай. А органы, як вядома, ніколі не памыляюцца, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

vse_za.png

Я табе, напэўна, усё ж такі павінен сказаць пра прысуд Пратасевічу. Таму што тыя, хто здзіўляецца гэтаму прысуду, як мне здаецца, проста не вельмі разумеюць нармальную логіку адміністрацыйна-бюракратычных працэсаў.

Ну а які яшчэ яму маглі вынесці прысуд? Яго ж не маглі апраўдаць і прызнаць невінаватым.

Прызнаць Пратасевіча невінаватым азначае прызнаць, што ўсё было дарма: і пасадка самалёта, і ўсе непрыемнасці, якія надышлі за ёю. Гэта значыць прызнаць, што яго арышт быў памылкай. А органы, як вядома, ніколі не памыляюцца. Калі чалавека арыштавалі, дык ён вінаваты. Таму што невінаватых не арыштоўваюць.

Тым больш Пратасевіч і сам ужо цалкам прызнаў сваю віну. І калі б яго суд апраўдаў, то атрымалася б, што арыштавалі невінаватага чалавека і прымусілі сябе абылгаць. Гэта значыць, апраўдальны прысуд быў немагчымы па азначэнні.

А калі яго прызналі вінаватым — то павінны былі прызначыць пакаранне. Каб усё было згодна з законам. (Тут галоўнае не пераблытай: прынцып «не да законаў» працуе, калі трэба пакараць таго, хто ні ў чым не вінаваты. А ў адваротны бок гэты прынцып не працуе). Вось суд прызначыў Пратасевічу мінімальна магчымае пакаранне па прад'яўленых яму абвінавачаннях. За адну толькі змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады яму пагражала якраз ад васьмі да дванаццаці гадоў зняволення. Ну і атрымаў свае восем.


Але я, вядома, сумняваюся, што ён будзе гэтыя восем гадоў сядзець. Улады занадта ўклаліся ў Пратасевіча, робячы з яго вітрыну ўзорнага пакаяння, каб усё сапсаваць. Хацелі б адправіць у турму, дык адправілі б адразу з залы суда.

Вось цяпер Пратасевічу трэба будзе напісаць прашэнне аб памілаванні, гэта значыць яшчэ раз пакаяцца, а потым дачакацца, пакуль прысуд суда ўступіць у законную сілу. Таму што без прысуду суда, які ўступіў у законную сілу, не можа быць рашэння аб памілаванні. Гэта закон. Так працуюць нармальныя адміністрацыйна-бюракратычныя працэдуры. (Самому Пратасевічу, дарэчы, маглі ўсё гэта і не тлумачыць у падрабязнасцях. Проста, каб трымаць чалавека ў тонусе).


Іншая справа, што канцэпцыя яшчэ можа змяніцца, пакуль шасцярэнькі гэтага бюракратычнага механізма дакруцяцца да патрэбнай пазіцыі. Вельмі ўжо шчыльна ў апошні час у саюзніка пайшлі непрыемнасці. Калі прылятае дронам па купале, дык хоцькі-няхоцькі задумаешся пра тленнасць быцця. Вось, мяркуючы з таго, што беларускія ўлады дагэтуль не выказалі не тое што абурэння, а нават і спагады, на іх гэтая атака дронаў зрабіла моцнае ўражанне. Як ты будзеш абараняць свайго малодшага брата, калі не можаш абараніць свой уласны купал?

Гэта табе не сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.