Прысуд Пратасевічу — так сёння ў вачах рэжыму Лукашэнкі выглядае прабачэнне

Пра прысуд і высновы з кейса Рамана Пратасевіча «Новы Час» папрасіў паразважаць Вадзіма Мажэйку, каардынатара беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне».

Раман Пратасевіч на судзе. Фота Белта

Раман Пратасевіч на судзе. Фота Белта


Мінскі абласны суд 3 траўня агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта N*xta.
Раман Пратасевіч асуджаны да 8 гадоў зняволення па абвінавачанні ў парушэнні 7 артыкулаў КК, Яна Рудзіка абвінавацілі па 10 артыкулах і далі 19 гадоў, Сцяпану Пуцілу інкрымінавалі 11 артыкулаў і далі 20 гадоў зняволення. Варта дадаць, што Пуцілу і Рудзіка судзілі завочна. Суд цягнуўся два з паловай месяцы, некаторыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.
— Раман Пратасевіч яўна не чакаў такога жорсткага выраку, што паказала ягоная рэакцыя на прысуд. Але Пратасевіч атрымаў удвая меншы тэрмін, чым ягоныя «падзельнікі» — дык чаму ён дзівіцца?
— Пратасевіч не проста супрацоўнічаў са следствам, ён супрацоўнічаў з прапагандай, супрацоўнічаў з рэжымам: пагадзіўся на ўсе тыя ролі, якія яму адвялі. І так, фактычна стаў марыянеткай, хлопчыкам для біцця, нават спрабаваў супрацоўнічаць з арганізацыяй «Сістэмная праваабарона». То-бок гатовы быў рабіць усё, што рэжым ад яго чакае, — цалкам здаўся.
Адпаведна чакаў, што за гэта будзе калі і не ўзнагароджаны, то, прынамсі, яму прабачаць усё мінулае. Але, як мы бачым, вось так сёння ў вачах рэжыму Лукашэнкі выглядае прабачэнне: вось вам, калі ласка, восем гадоў, а не ўсе дваццаць. Гэта ўсё, на што можна разлічваць.
Гэта вельмі добры прыклад для іншых людзей, якія чакалі, што за супрацу з рэжымам ім нешта прабачаць. Як бачым — не, лукашэнкаўскі рэжым не гатовы прымаць да сябе прадстаўнікоў іншага лагера. Дарэчы, у гісторыі такое здаралася: можна згадаць таго ж Мясніковіча, які напачатку 90-х быў не ў камандзе Лукашэнкі, а наадварот — сярод палітычных апанентаў на той момант. Але затым перайшоў да Лукашэнкі і дагэтуль застаецца даверанай асобай, цяпер працуе ў Маскве — гэта вельмі важны кірунак. Ці Ігар Марзалюк, які не проста быў палітычным апанентам Лукашэнкі, а апанентам медыйным; гісторык, беларускамоўны, БНФ. І тым не менш Марзалюк даўно ўпісаны ў каманду Лукашэнкі. Пэўна, былі і менш вядомыя людзі, якія паспяхова ўпісаліся ў ягоную каманду.
Як мы бачым, такія людзі, як Пратасевіч і Васкрасенскі не ўпісваюцца ў сістэму, сістэма не гатовая прымаць такіх апанентаў. Гэта сведчыць пра тое, што сістэма не можа адаптавацца да больш складаных умоваў існавання; яна цяпер звыклая працаваць толькі з людзьмі, якія па зразумелых ёй жыццёвых траекторыях ідуць, а з больш складанымі, нетыповымі не надта атрымліваецца. Так, гэта прыклад бесчалавечнасці, жорсткасці сістэмы, але гэта ўжо досыць звыклыя рэчы.


Нехта можа сказаць, што Пратасевіч спрабаваў выслужыцца і атрымаў па заслугах. Але мне Пратасевіча хутчэй шкада, бо чалавек сапраўды знаходзіўся ў дрэнных умовах, невядома, чым яму пагражалі, што ён павёў сябе не надта гераічна. Ну, не ўсе героі: ёсць Калеснікава, а ёсць і пратасевічы. У любым выпадку ён палітвязень і заслугоўвае вызвалення, відавочна, што ніякіх злачынстваў Пратасевіч не здзейсніў.
— Якую ролю Пратасевіч сыграў у рэпрэсіўным сцэнары беларускага рэжыму?
— Канешне, Пратасевіч сыграў пэўную ролю ў прапагандзе — распаўсюджанне страху, каб усе баяліся, што іх таксама выкрадуць і так будуць здзекавацца, часам нават у тэлеэфіры. Вядома, ніхто з нас не хацеў бы апынуцца на месцы Пратасевіча, калі ў яго бярэ інтэрв’ю Марат Маркаў — то фактычна допыт і здзек у прамым эфіры.
Але разам з тым мы бачым, што прайшлі два гады, а выкраданне Пратасевіча — усё-такі адзінкавы прыклад: ці то санкцыі паўплывалі на рэжым, ці то рукі занадта кароткія, не хапае даўжыні, каб дацягнуцца яшчэ да некага і выкрасці. У любым выпадку, за два гады новых выкраданняў не здарылася. Таму калі летам 2021 года паўтарэнне лёсу Пратасевіча для многіх здавалася жахам, то зараз гэта пужае не многіх.
— Якія ўрокі трэба вынесці са справы Пратасевіча?
— Што да ўрокаў… Не варта лётаць над Беларуссю, не варта лічыць, што, маўляў, разок з’езджу на радзіму — нічога страшнага. Гэта адзін з галоўных урокаў Пратасевіча і майго цёзкі — Паўла Мажэйкі, які меркаваў, што можна ездзіць на радзіму. З тэрыторыі Беларусі дагэтуль сыходзіць небяспека, нікому нічога не забыта, і рэжым не гатовы дараваць. То-бок сам рэжым старонку не перагарнуў: дагэтуль і рэпрэсіі ўзмацняюцца, дагэтуль і крыўды на ўсіх жывуць. Калі нехта наіўна лічыў, што пройдзе нейкі час і ўсё забудзецца і лёгка можна будзе вяртацца ў Беларусь і без палітычных пераменаў, то не, відавочна, што не.