«Прычына замыліць справу». СК праводзіць дадатковую экспертызу па абставінах смерці Вітольда Ашурка
Следчы камітэт Беларусі тлумачыць адсутнасць інфармацыі аб прычынах смерці палітычнага зняволенага Вітольда Ашурка, які памёр у шклоўскай калоніі, правядзеннем дадатковай судовай экспертызы. Такі адказ атрымаў брат Вітольда Ашурка, Андрэй, пішуць Naviny.by.
У лісце за подпісам выконваючага абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення СК па
Магілёўскай вобласці Карабкова сказана, што па матэрыялах праверкі не скончана
правядзенне судовай медыцынскай экспертызы, прызначанай 24 жніўня.
З нагоды дзённіка Вітольда Ашурка, які не перадалі сваякам
разам з астатнімі рэчамі пасля яго смерці, у СК парэкамендавалі звярнуцца ў
адміністрацыю шклоўскай калоніі.
«З дня смерці брата прайшло пяць месяцаў, а за пяць месяцаў не знайсці прычыну, па якой памёр чалавек... Я, вядома, не спецыяліст, але гэта выклікае некаторыя падазрэнні і неразуменне», — сказаў БелаПАН брат загінулага ў калоніі актывіста Андрэй Ашурак.
На яго думку, гэта «прычына зацягнуць справу, замыліць
яе, а потым спусціць на тармазах». «Так быць не павінна», — падкрэсліў Ашурак.
Ён збіраецца працягнуць патрабаваць ад дзяржорганаў
інфармацыі: «Кідаць гэтую справу я не думаю, бо гэта тычыцца смерці майго
роднага брата».
Вітольд Ашурок — актывіст з Бярозаўкі (Лідскі раён Гродзенскай вобласці), член Партыі БНФ, каардынатар руху «За Свабоду». Не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Падымаў экалагічныя пытанні. Быў затрыманы ў верасні 2020 года і пасля прысуджаны судом да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Памёр у шклоўскай калоніі 21 траўня 2021 года на 51-м годзе жыцця.