Прэзідэнт ПАСЕ ўпэўнены, што цяжкая праца беларускіх праваабаронцаў не будзе марнай
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Ан Брасэр падчас сустрэчы з вядомым беларускім праваабаронцам, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесем Бяляцкім запэўніла яго ў поўнай падтрымцы з боку ПАСЕ працы праваабаронцаў у Беларусі.
Ан Брасэр
Як паведамляе сайт праваабаронцаў spring96.org, на сустрэчы, якая адбылася 2 ліпеня ў Страсбургу, Бяляцкі быў у суправаджэнні сваіх калег
— прэзідэнта FIDH Карыма Лахіжы і кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Сашы Кулаева.
Ан Брасэр выкарыстала гэтую магчымасць, каб асабіста, ад імя асамблеі, павіншаваць Бяляцкага з прысуджэннем першай прэміі Вацлава Гавала ў галіне правоў чалавека. Прэмія была прысуджана ПАСЕ
праваабаронцу ў верасні 2013 года, але лаўрэат, які знаходзіўся ў зняволенні з 2011 года, не змог прысутнічаць на цырымоніі ўручэння.
Прэзідэнт ПАСЕ абмеркавала з праваабаронцам сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і ролю асамблеі ў яе паляпшэнні. "Спадар Бяляцкі з'яўляецца для нас сімвалам
непарушнай прыхільнасці правам чалавека. Шчыра вітаючы яго вызваленне з турмы 21 чэрвеня, я ўражаная яго моцным жаданнем працягваць сваю вельмі каштоўную працу ў галіне правоў чалавека і
супрацоўніцтва з асамблеяй і Саветам Еўропы", — сказала Брасэр.
"Я хачу выказаць нашу поўную падтрымку працы ўсіх праваабаронцаў у Беларусі, якія вымушаныя змагацца за нашы агульныя каштоўнасці ў вельмі цяжкіх умовах. Я ўпэўнена, што гэтая цяжкая праца не
будзе марнай, і я спадзяюся, што з іх дапамогай Беларусь хутка стане сапраўды дэмакратычнай дзяржавай, якая паважае вяршэнства закону і стандарты Савета Еўропы ў галіне правоў
чалавека", — адзначыла прэзідэнт ПАСЕ.
2 ліпеня ў Страсбургу ў былога палітзняволенага і яго калег з FIDH адбылося яшчэ некалькі сустрэч на вышэйшым узроўні, у прыватнасці з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Марцінам
Шульцам і еўрапейскім камісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле.
Алесь Бяляцкі таксама даў прэс-канферэнцыю ў Еўрапарламенце і інтэрв'ю EUobserver — незалежнаму інтэрнэт-выданню, якое асвятляе палітычныя падзеі ў Еўрасаюзе, а таксама
актуальныя тэмы, звязаныя з правамі чалавека, праблемамі дэмакратызацыі ў ЕС.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН