Праваабаронцы рыхтуюць дапаможнік пра мірныя сходы для беларускіх эмігрантаў

Праваабаронцы «Вясны» рыхтуюць дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой. Ён будзе адказваць на найбольш актуальныя пытанні, як арганізоўваць мірныя сходы за мяжой і ўдзельнічаць у іх.

cihi_pratest____fota_novy_czas__img_5187_logo.jpg_logo_1.webp

Валанцёрская служба «Вясны» з 2012 года праводзіць маніторынг свабоды мірных сходаў у Беларусі. Праз вочныя назіранні, з дапамогай валанцёраў і валанцёрак, праваабаронцы збіралі інфармацыю. Апошняе вочнае назіранне адбылося 9 жніўня 2020 года. Пасля гэтага назіранне адбываецца анлайн у сувязі з рызыкамі небяспекі.

Аднак беларусы і беларускі працягваюць удзельнічаць у мірных сходах не толькі ў Беларусі. Паколькі масштабы міграцыі вялікія, праваабаронцам стала цікава вывучыць, як права на мірныя сходы рэалізуецца ў іншых краінах, якія знаходзяцца побач з Беларуссю і сталі часовым домам для беларусаў і беларусак. Для гэтага «Вясна» разам з валанцёрамі займаецца вывучэннем заканадаўства краін масавай міграцыі беларусаў і беларусак, а таксама практыкі рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў у Грузіі, Літве і Польшчы.

Адзначаецца, што гэтыя краіны былі абраныя як краіны найбольш масавай міграцыі беларусаў і беларусак за апошні час, аднак спіс можа быць пашыраны падчас працы над праектам.

— Каб атрымаць больш поўную карціну сітуацыі, мы запусцілі адмысловую апытанку, — распавядае адна з каардынатарак ініцыятывы Наталля Сацункевіч. — Чым больш адказаў мы збяром, тым больш зразумеем патрэбы беларусаў і беларусак і зможам у сваім даследаванні сканцэнтравацца на актуальных тэмах. Таму мы заклікаем людзей паўдзельнічаць у апытанні і дапамагчы нам больш дакладна зразумець сітуацыю ў краінах іх знаходжання.


Глядзіце таксама

У анкеце ёсць пытанні як для арганізатараў і арганізатарак мірных сходаў, так і для ўдзельнікаў і ўдзельніц. Дзякуючы гэтаму праваабаронцы змогуць зразумець, з чым сутыкаюцца розныя людзі пры рэалізацыі свайго права, а потым сістэматызаваць і прааналізаваць сітуацыю, у адпаведнасці з заканадаўствам пэўных краін. Для гэтага ўжо цяпер аналізуюцца законы Літвы, Польшчы, Грузіі, а таксама практычныя кейсы Еўрапейскага суда па правах чалавека, Камітэта па правах чалавека, вынікі маніторынгаў мірных сходаў АБСЕ.

— Пытанне даследуюць людзі як з профільнай юрыдычнай адукацыяй, так і іншыя спецыялісты і спецыялісткі, якім важна і цікава разбірацца ў гэтай тэме, — распавядае Любоў Ланіна, адна з каардынатарак праекту. — Дапаможнік будзе складацца з адказаў на пытанні, што трэба ўлічваць пры арганізацыі і правядзенні мірных сходаў: ці трэба іх рэгістраваць, праз якія ворганы, якая павінна быць камунікацыя з паліцыяй і іншым персаналам, які задзейнічаны ў рэалізацыі права, што трэба зрабіць пасля мірнага сходу. Усё будзе падзелена па краінах.

Акрамя гэтага, як мяркуюць праваабаронцы, вывучаны досвед дапаможа ў будучыні прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі, а таксама пераняць найлепшыя практыкі рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў.

Калі ў вас засталіся пытанні, праваабаронцы прапануюць задаць іх праз пошту help@spring96.org.

Таксама можна дапамагчы выявіць патрэбы беларусаў і беларусак у рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў, запоўніўшы анкету.