Праваабаронцы прызналі адміністратара Telegram-канала «Беларусь галаўнога мозгу» палітвязнем

Пазбаўлены рэгістрацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў затрыманага адміністратара Telegram-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка палітвязням. Адпаведная заява апублікавана на сайце цэнтра.

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

«У сувязі з затрыманнем блогера і адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і абрання ў дачыненні да яго меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі прызналі Ігара Лосіка палітычным зняволеным», — гаворыцца ў паведамленні.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Ігара Лосіка і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі 20 чалавек палітвязнямі. 17 з іх былі прызнаныя палітвязнямі падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. 29 траўня Amnesty International прызнала вязнямі сумлення Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыка, іх паплечнікаў і блогераў (усяго 17 чалавек).
Нагадаем, адміністратара Telegram-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня. У яго дома прайшоў ператрус. Пазней жонка Лосіка паведаміла, што на яе мужа завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Нядаўна яго перавялі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў з Акрэсціна ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Паводле tut.by