Праваабаронцы адзначаюць рост рэпрэсій
Удзельнікі кампаніі назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выказалі пратэст «у сувязі з ростам рэпрэсій у поствыбарны перыяд». Пра гэта паведамляе Радыё Рацыя.
«Правядзенне выбараў у цэлым не прывяло да значнага росту рэпрэсій у краіне, што было адзначана намі як станоўчы факт, — адзначаецца ў заяве, якая паступіла ў БелаПАН. — Аднак, як нам стала вядома, у перыяд пасля завяршэння выбараў былі пачаты адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да больш чым дваццаці актыўных удзельнікаў пратэстных мірных акцый, якія праходзілі ў Менску ў перыяд электаральнай кампаніі, у тым ліку ў дачыненні да грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты, давераных асоб, членаў ініцыятыўных груп».
Праваабаронцы лічаць, што грамадзяне «пераследуюцца за мірную рэалізацыю імі асноўных палітычных і грамадзянскіх правоў у перыяд правядзення выбараў» і расцэньваюць гэта як «парушэнне правоў чалавека і непрыхаваныя палітычныя рэпрэсіі ў поствыбарны перыяд», што «яшчэ больш падкрэслівае недэмакратычны характар цяперашняй электаральнай кампаніі».
Аўтары заявы патрабуюць ад уладаў «неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў» і заклікаюць іх «да выканання сваіх абавязацельстваў у сферы правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах». 2 снежня суды ў Менску і Оршы аштрафавалі пяць удзельнікаў перадвыбарных акцый у сталіцы.
Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/pravaabarontsy-adznachayuts-rost-repre/