Андрэй Казакевіч: Прэзідэнцкія выбары-2020 — ніякіх эксперыментаў, прастата і бяспека

Трэнд на максімальнае спрашчэнне беларускай мадэлі застаўся і будзе вызначальным у бліжэйшыя гады.

easy_button.jpg

Як лічыць дырэктар інстытута палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера» Андрэй Казакевіч, беларускае кіраўніцтва паспрабуе правесці прэзідэнцкія выбары 2020 году «ў максімальна спрошчаным рэжыме». У сваім выступе на чарговым пасяджэнні экспертна-аналітычнага клуба ў Мінску, прысвечаным парламенцкай кампаніі, якая прайшла, і маючай адбыцца прэзідэнцкай, палітолаг адзначыў, што беларускі рэжым адмовіўся паўтарыць вопыт выбараў у Палату прадстаўнікоў 2016 года, калі дэпутатамі сталі два альтэрнатыўных кандыдата.
«Беларуская мадэль або сістэма заўсёды будавалася на тым, каб быць простай, максімальна простай. Гэтым яна, дарэчы, адрознівалася ад многіх іншых на постсавецкай прасторы — расійскай, казахстанскай, азербайджанскай і гэтак далей. Парламенцкія выбары 2016 года дазвалялі спадзявацца, што сістэма будзе ўскладняцца, у яе дазавана пусцяць апазіцыю, партыі і т.д. Але мясцовыя выбары 2018 года і цяперашнія парламенцкія паказалі, што трэнд на спрашчэнне застаўся і застанецца галоўным кірункам на бліжэйшыя гады. Гэта, вядома, распаўсюджваецца і на прэзідэнцкія выбары. Адміністрацыя зараз мае ўсе магчымасці, каб вызначаць ход кампаніі, мінімізаваць рызыкі, не ствараючы самім сабе праблем», — сказаў Андрэй Казакевіч.


З рэформамі пачакаюць

Палітолаг адзначыў, што скептычна ставіцца да дыскусіі аб змяненні Канстытуцыі, аб канстытуцыйнай рэформе. «Усё ж такі канстытуцыйная рэформа — калі, вядома, гаворка не ідзе пра нейкія касметычныя змены — азначае ўскладненне сітуацыі, прыйдзецца ўзмацніць парламент, ствараць нейкія фракцыі і т.д. Да таго ж, калі паглядзець на Казахстан, дапусцім, то там вельмі сур'ёзна рыхтаваліся да транзіту ўлады. У Беларусі ж ніякай падрыхтоўкі да канстытуцыйнай рэформы, акрамя слоў, у прынцыпе няма. Адзінае, ёсць нейкая гульня з праўладнымі палітычнымі партыямі, колькасць іх прадстаўніцтва ў мясцовых саветах і парламенце ўсё-такі расце з 2004 года. Хаця зноў жа гэты рост выглядае досыць сціплым», — сказаў Андрэй Казакевіч.
Пры гэтым ёсць перамены, якія «можна з нацяжкай назваць структурнымі альбо квазіструктурнымі». «Так, цяпер кіраўніцтва «Белай Русі» трапіла ў парламент, хоць раней быў такі прынцып, што кіраўніцтва галоўнага праўладнага руху павінна займацца уласна «Белай Руссю». Магчыма, гэта першая прыкмета падрыхтоўкі пэўных рэформаў, але нельга сказаць, што тут назіраецца нейкая выразная тэндэнцыя. Мне здаецца, што гэты трэнд на простую, бяспечную мадэль, якая не гуляецца з нейкімі рызыкамі ў выглядзе нейкай апазіцыі ў дзяржаўных структурах, з ускладненымі схемамі ў выглядзе партыйных спісаў, захаваецца на бліжэйшыя гады. Хутчэй за ўсё, канстытуцыйнай рэформы ў бліжэйшыя 2-4 гады не ўбачым. Прыняць такое важнае палітычнае рашэнне будзе вельмі складана, бо ніякай сур'ёзнай падрыхтоўкі пад гэта не вядзецца. Зрэшты, няма і сур'ёзных выклікаў для ўлады, каб гэты працэс запускаць», — лічыць палітолаг.

Калідор брутальнасці

«Так, абраны трэнд на прастату і бяспеку, без усялякіх гульняў у дэмакратыю, правы чалавека, апазіцыю і гэтак далей, але што тычыцца вонкавага кантэксту, то я не пагаджуся з меркаваннем, што рэжыму Лукашэнка не важны пункт гледжання Захаду. Я думаю, што тая лібералізацыя, якая адбылася ў адносінах з Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі, усё-ткі стварыла пэўны калідор для беларускіх уладаў — і яны будуць яго трымацца. Выходзіць за межы гэтага калідора яны будуць толькі ў выпадку рэальнай пагрозы для ўлады. Трымацца ў межах калідора — гэта значыць, што любыя сілавыя або рэпрэсіўныя дзеянні не павінны мець масавы характар», — сказаў Андрэй Казакевіч.
Паводле thinktanks.by