Праваабаронца Андрэй Палуда трапіў у шорт-ліст прэстыжнай прэміі

Беларускі праваабаронца — у шорт-лісце The Robert Badinter Public Grand Prix за змаганне супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

photo_2022_11_17_14_08_18.jpg

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» стаў намінантам прэміі, названай у гонар міністра юстыцыі Францыі, які ў 1981 годзе прапанаваў законапраект, што прывёў да адмены смяротнага пакарання.

Уручэнне прэміі адбудзецца на цырымоніі закрыцця 8-га Сусветнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Берліне ў пятніцу, 18 лістапада.

У 1981 годзе Францыя нарэшце адмяніла смяротнае пакаранне. Закон быў прыняты пры прэзідэнце-сацыялісце Франсуа Мітэране, але натхняльнікам гэтага кроку быў юрыст, пазней — міністр юстыцыі — Роберт Бадзінтэр. «Я маю гонар ад імя ўрада Французскай Рэспублікі ўнесці ў Нацыянальную асамблею пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў Францыі», — гэтая заява Роберта Бадзінтэра азнаменавала афіцыйнае спыненне смяротнага пакарання ў Францыі. Нацыянальная асамблея Францыі прыняла гэты закон 18 верасня 1981 года 363 галасамі «за» пры 117 «супраць». Праз некалькі тыдняў вышэйшая мера пакарання была афіцыйна адменена Законам ад 9 кастрычніка 1981 года.