Пракурор запрасіў для фігурантаў «справы Ціханоўскага» ў Гродне ад 2 да 4 гадоў калоніі

Спрэчкі ў справе аб штурханіне на пікеце Ціханоўскай у Гродне год таму прайшлі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 17 траўня, паведамляе «Радыё Свабода».

7c1fb3b4_3d54_4d48_98dd_dd40fc4177a4_cx0_cy15_cw0_w1023_r1_s.webp

Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мыслівец папрасіў суд пакараць
Змітра Фурманава 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — 3,5 гадамі агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу — 4 гадамі строгага рэжыму.
Фігуранты справы ўжо амаль год знаходзяцца пад вартай. Іх затрымалі ў сувязі з пікетам 29 траўня разам з Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разнічэнку — таксама ў гвалце над міліцыянтамі (артыкул 364).
Усе трое прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага года ў Гродне. Каардынатар ініцыятыўнай групы Зміцер Фурманаў збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Яго забралі з пікета невядомыя разам з крэслам. Яўген Разнічэнка падтрымаў міліцыянта Казлоўскага, які падаў на яго, каб той не выцяўся аб зямлю. Былога міліцыянта Уладзіміра Кнігу забралі праз некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць намёт для збору подпісаў.
Пацярпелых чацвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, амапаўцы Дзмітрый Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасля тузаніны на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам, у інфармацыйнай камізэльцы. Два апошнія затрымлівалі Ціханоўскага.
Справу разглядае суддзя Вольга Бекушава. Пракурор Мікіта Мыслівец. Суд пачаўся 18 студзеня.