Суд на студэнтамі: віну прызнаў толькі адзін

Сёння фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні, пачалі апытваць сведак.

6c5c8e49_9cc1_44a0_842e_6e7ff29d737d_w1023_r1_s_1.webp

У Мінску працягваецца суд над фігурантамі так званай «справы студэнтаў». Па ёй праходзяць дванаццаць чалавек, якія знаходзяцца ў СІЗА ўжо больш за шэсць месяцаў.
Справу разглядае суддзя суда Савецкага раёна Марына Фёдарава. Усіх палітзняволеных вінавацяць па ч. 2 арт. 17 («Злачынства, здейсненае групай асоб па папярэдняй змове») і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»), ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Следства вінаваціць затрыманых у тым, што яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, асабіста заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі, кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтаваннем і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі пра перасоўванне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Паводле следчых, пратэставыя акцыі зрывалі адукацыйны працэс і нармальную працу ВНУ, бо моладзь блакавала калідоры, ускладняла праход студэнтаў, выкладчыкаў і наведнікаў, гучна крычала, свістала, скандавала лозунгі, спявала.
Як перадаюць з залы суда, як і раней, сёння туды пусцілі толькі па двое родзічаў кожнага з затрыманых. Апроч іх на працэс прыйшлі нейкія незразумелыя мужчыны.
Сёння фігурантам скончылі чытаць абвінавачанні. Потым у падсудных спыталі, ці прызнае хтосьці з іх віну.
Выкладчыца Вольга Філатчанкава, студэнткі Кася Будзько, Яна АрабейкаКсенія Сырамалот і актывістка Алана Гебрэмарыям сказалі, што не разумеюць, у чым канкрэтна абвінавачваюцца, і адмаўляюцца прызнаваць віну. Астатнія фігуранты проста сказалі, што віну не прызнаюць.
З усіх абвінавачаных віну па ч.1 арт. 342 прызнаў толькі студэнт МДЛУ Глеб Фіцнер.
Пасля гэтага ў судзе пачалося апытанне сведак.