Пракуратура накіравала скаргу Шаршуна ў суд
Грамадзянін звярнуўся са скаргай на дзеянне міліцыянтаў, але пракуратура, перанакіравала скаргу ў суд Цэнтральнага раёна. Гэта значыцца з адказе, які атрымаў Шаршун ад намесніка пракурора Цэнтральнага раёну М.М.Хортава.
Віктар Шаршун. Фота: Наша Ніва
Нагадаем, 8 лютага 2014 года міліцыянты ў цывільным прыйшлі дадому да Віктара Шаршуна і сталі патрабаваць, каб ён зняў з балкона бел-чырвона-белы сцяг як "незарэгістраваную сімволіку". Грамадзянін адмовіўся выконваць загад, тады яго збілі, скруцілі на лесвічнай пляцоўцы і даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна.
У пастарунку яму ўручылі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (Абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) КаАПП Рэспублікі Беларусь. Віктар Шаршун чакае разгляду гэтай справы ў судзе.
11 лютага 2014 года ён накіраваў скаргу ў пракуратуру з просьбай правесці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеянняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці. Пракурор замест таго, каб правесці праверку і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, перадаў справу ў суд Цэнтральнага раёна, змяніўшы прадмет абскарджвання на нязгоду грамадзяніна з вядзеннем адносна яго адміністратыўнага працэсу.