17 сакавіка працягнецца суд па будаўніцтву моста ў Брэсцкай крэпасці

17 сакавіка а 14.30 у судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягнецца разгляд скаргі сябры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Дзяніса Турчаняка на дзеянні Міністэрства культуры па ўхваленню праектнай дакументацыі на пабудову аўтамабільна-пешаходнага моста праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.



20100608_174958_611.jpg

Такое рашэнне 25 сакавіка па выніках чарговага судовага пасяджэння прыняла суддзя суду Цэнтральнага раёну Алена Семак.

Нагадаем, што 4 лютага на пачатку судовага разбору заяўнік заклікаў суд адмяніць станоўчае заключэнне Міністэрства культуры наконт праекту ўзвядзення моста на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і адклікаць дазвол Міністэрства культуры на распрацоўку гэтага праекту. Сваю пазіцыю Дзяніс Турчаняк матываваў тым, што будаўніцтва моста з’яўляецца незаконным, паколькі праект яго ўзвядзенне не мае юрыдычнай сілы, бо не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не быў ухвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны (далей — рада). Заяўнік звярнуў увагу на забарону новага будаўніцтва на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, якая з’яўляецца помнікам гісторыі міжнароднага значэння.     

Як паведаміў карэспандэнту НЧ прадстаўнік заяўніка ў судзе, старшыня БДТАПГіК Антон Астаповіч, палова пасяджэння была прысвечана высвятленню пытання, ці мае заяўнік права абскарджаваць рашэнні Міністэрства культуры, і як гэтыя рашэнні парушаюць правы Дзяніса Турчаняка.

Са свайго боку, прадстаўнікі Міністэрства культуры заявілі, што ўзгадненне праектнай дакументацыі з’яўляецца службовай прэрагатывай чыноўніцтва, і няма аніводнага нарматыўна-правававога акту, згодна з якім грамадзяне могуць аспрэчваць рашэнні міністэрства.   

Пасля доўгіх спрэчак з удзелам адваката заяўнікаў Ігара Рабцэвіча суддзя Алена Семак усё ж такі прызнала права Дзяніса Турчаняка абскарджваць рашэнні чыноўніцтва з умоваю ўнясення ў судовую скаргу дадаткаў, якія абгрунтоўваюць гэтае права заяўніка.

Паводле словаў Астаповіча, начальнік ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі свядома ўхіляўся ад канкрэтных адказаў на канкрэтныя пытанні, імкнуўся перавесці размову з прававога рэчышча ў метадалагічнае, а таксама запэўніць суд, што ўзнікшыя праблемы можна вырашыць не ў судзе, а на радзе, пасяджэнні якой адкрытыя для ўсіх жадаючых.

Аўтар эскізнага рашэння і навуковага абгрунтавання праекту моста Уладзімір Казакоў пацвердзіў, што аўтамабільна-пешаходны мост праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці сапраўды будуецца на 200 метраў паўночней места, дзе стаяў гістарычны мост праз Міхайлаўскую браму фартэцыі. З адказаў Казакова вынікае, што архітэктары нават не прапрацоўвалі мажлівасць аднаўлення аўтэнтычнага праезду.   

Дзяніс Турчаняк выказаў шчырую падзяку тым грамадзянам Беларусі, якія ўзялі на сябе аплату судовых выдаткаў па ягонай скарзе.