Прадпрымальнікі: Будуць стыхійныя масавыя акцыі пратэсту
Дзеянні ўладаў прывядуць да кансалідацыі пратэсту ІП. Пра гэта распавёў Вячаслаў Піліпук, прадстаўнік Савета РГА «Перспектыва».
— Цяпер ІП зрабілі вопіс рэшткаў, вяртаюцца на працоўныя месцы. Паводле нашай інфармацыі,
аднавілі працу і аўтатранспартныя прадпрыемствы, якія арганізоўваюць рэйсы для ІП у Маскву на закупкі, гэта значыць з'явіўся зноў попыт з боку прадпрымальнікаў. 8-9 ліпеня яны зноў сталі
прымаць заяўкі. Усё гэта сведчыць аб тым, што ІП трохі асвоіліся і страх пачатку ліпеня праходзіць.
— У чэрвені прадпрымальніцкія лідары гаварылі аб тым, што людзі масава пачнуць
сыходзіць з раздробнага гандлёвага бізнэсу наогул. Ці ёсць такія і колькі іх?
— Дакладных звестак пакуль няма, але даволі шмат, паводле нашай інфармацыі. Але, адзначу,
што гэта могуць быць наёмныя асобы, на якіх былі аформленыя гандлёвыя кропкі. І цяпер, калі ўлада афіцыйна дазволіла мець наёмных асоб, тыя кропкі зачыняюцца, пераафармляюцца на ІП, і прадпрымальнік
ужо законна бярэ сабе ўчорашніх нелегальных наёмных. Пакуль катастрофа адкладзеная, але толькі да моманту масавых праверак. І праверкі — пакуль у такім тэставым рэжыме — ужо пачынаюцца. Што нас здзівіла — 4 ліпеня, калі ўся краіна была быццам бы на выходных, у Гомелі пачалася праверка рэшткаў тавару на
рынках.
— На днях з'явілася афіцыйная інфармацыя аб пачатку масавых праверак.
Чакаеце? Які ваш прагноз?
— Калі прагназаваць развіццё сітуацыі з прадпрымальнікамі, то ўсё залежыць ад дзеянняў
уладаў. Закон ёсць, яго трэба выконваць. Калі ўлады настроены рэальна, жорстка дамагацца выканання гэтага ўказа, то тут, вядома, мы чакаем, што будуць стыхійныя масавыя акцыі пратэсту з боку
прадпрымальнікаў. На месцах — адназначна. Асабліва там, дзе ёсць моцныя рэгіянальныя
лідары, як гэта было ў Баранавічах і Віцебску. І цалкам магчыма, што гэтыя дзеянні ўладаў прывядуць да кансалідацыі прадпрымальнікаў на агульнарэспубліканскім узроўні.
Гэта магчыма ў тым выпадку, калі ІП на месцах будуць арганізоўвацца, калі з іх боку будуць гучаць звароты аб сумесным выступе па ўсёй рэспубліцы. Тады і мы гатовыя аказваць усялякую юрыдычную і
інфармацыйную дапамогу і падтрымку. Але, паўтаруся, усё залежыць ад уладаў — калі яны
жорстка возьмуцца за праверкі і магчымыя наступныя санкцыі, то такая сітуацыя паўстане дакладна. Гэта не проста словы — у нас ёсць практыка. Напрыклад, у лістападзе-снежні 2013 года ў Баранавічах, Гомелі, Гародні, на
«Ждановічах» у Мінску падаткавікі спрабавалі пайсці з праверкамі ў рамках так званага маніторынгу, спрабавалі канфіскоўваць тавар — мы тады ўбачылі самаарганізацыю прадпрымальнікаў, якія змаглі адстаяць сваю маёмасць.
— Ці адчуваеце ўвагу ўладаў ці яны ўжо ІП зусім у разлік не
бяруць?
— Ёсць падставы казаць пра тое, што тэлефоны лідараў і актывістаў праслухоўваюцца. З
рэгіёнаў нашы актывісты паведамляюць, што іх запрашаюць у раённыя аддзелы Камітэта дзяржбяспекі. Падстава — складанне аналітычнай запіскі для ўладаў наверсе. Мы расцэньваем гэта — ну ўявіце сабе выклік у КДБ на мясцовым, ды і на сталічным узроўні — як дэманстрацыю дасведчанасці, маўляў, мы за вамі назіраем. І ў мэтах запалохвання, вядома. Ёсць
актывісты, якім, у прынцыпе, абыякава, але ёсць людзі, а ў спецслужбах на гэта і разлічваюць, якіх такія выклікі палохаюць.
eurobelarus.info