Працягваецца ціск на журналіста Змітра Лупача
Глыбоцкія міліцыянты працягваюць ціск на журналіста-фрылансера Змітра Лупача.
Маёр міліцыі Сяргей Цырбан склаў на яго чарговы пратакол за супрацу з тэлеканалам «Белсат». На гэты раз падставай стаў сюжэт для праграмы «Суб’ектыў» пра няякасны рамонт Фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў Глыбокім.
Як кажа Зміцер Лупач, у міліцыю ён пайшоў у масцы і пальчатках, міліцыянт, якія яго апытваў, таксама быў у масцы і такіх жа чорных пальчатках. Пратакол складаўся хутка:
— Пратакол ужо быў складзены, я толькі подпісы паставіў, там доўга не быў. Паўгадзіны можа заняла ўсё, можа менш. Тэлефон ужо не забіралі.
Паводле Змітра Лупача, міліцыянты дапыталі і сведкаў, у якіх ён браў інтэрвʼю, у тым ліку загадчыцу сектара спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Таццяну Зеваліч. А з санкцыі пракурора раздрукавалі яго тэлефонныя размовы.
Цяпер журналіста-фрылансера чакае чарговы суд за супрацу з тэлеканалам «Белсат», які сёлета будзе ў яго чацвёрты па ліку.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя