«Позву атрымаў за 14 хвілін да суду»: у Берасці аштрафавалі журналіста Ляўчука

Незалежны журналіст Алесь Ляўчук з Берасця атрымаў 612,5 рублёў штрафу (25 базавых велічыняў) за супрацу з тэлеканалам «Белсат».

ecfadbaa_78f0_4321_98b5_10b35c6ae2c7_w1023_r1_s.jpg

Як апавёў спадар Ляўчук, на самім судзе ён не быў. «Позву атрымаў за 14 хвілін да суду — у 9:46 прыйшла смска, што ў 10:00 у мяне суд. Нават каб у мяне быў дыван-самалёт, я б туды наўрад ці паспеў», — кажа журналіст.
Аштрафаваў Алеся Ляўчука суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан. Сюжэт Ляўчука, які фігураваў у разглядзе справы, тычыўся берасцейскай вуліцы Шаўчэнкі. У ім апавядалася, што «ў справаздачы напісалі, што вуліца адрамантаваная поўнасцю, хаця зрабілі гэта толькі напалову».
Алесь Ляўчук кажа, што будзе абскарджваць прысуд з-за неналежнага запрашэння яго ў на паседжанне. Апошні раз Ляўчука судзілі летась пасля затрымання ў Кобрыні падчас асвятлення акцыі недармаедаў.
Паводле svaboda.org