Пярэпалах у Беразіне праз выклік Лукашэнкі на Ice Bucket Challenge

Дзесяцікласнік з бярэзінскай школы № 3 Дзмітры Дайнэка распавёў карэспандэнту Свабоды, што вымушаны быў выдаліць з Youtube відэаролік, у якім ён абліўся трыма вёдрамі вады і такім чынам зрабіў выклік Аляксандру Лукашэнку.



ice_bucket_challenge.jpg

Гэткім чынам юнак узяў удзел у акцыі «выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge). Калі б Аляксандар Лукашэнка на яе адгукнуўся, то мусіў бы ці сам абліцца ледзяной вадой, ці цягам 24 гадзін ахвяраваць 100 даляраў на карысць дабрачыннага фонду ALS Association, які ініцыяваў кампанію.
Дзмітры Дайнэка апавёў, што яго і ўсіх хлопцаў, якія бралі ўдзел у здымках, выклікалі ў інспекцыю па справах непаўналетніх і ў школу:

«Атрымліваецца, на нас паскардзіліся. Зверху напісалі, і ролік выдалілі. Хацелі паставіць усіх, хто быў у кадры, на ўлік, даць штраф, але пакуль яшчэ нічога не казалі.Там яны нічога толкам не патлумачылі. Нібыта з-за таго, што відэа трапіла на „Хартыю-97“, усё пачалося. Проста сабралі бацькоў, пагутарылі з імі, і ўсё. Пасля таго як відэа трапіла ў сеціва, недзе праз дні чатыры, у „белым доме“ сабралі ўсіх настаўнікаў, нібыта нашаму дырэктару школы трохі навалялі за гэта, і ён правёў гутарку з бацькамі. Сказалі, што мы нібыта пайшлі супраць Лукашэнкі. А гэта ж проста была акцыя, і мы проста хацелі перадаць эстафету. Гэта ж проста гульня. Вырашылі перадаць наўдачу, раптам пашанцуе».


Карэспандэнт: «А ў інспекцыі патлумачылі, чаму цябе туды выклікалі?»
Дзмітры: «Бо ім патэлефанавалі з Мінску. Ну, там жа ў відэа ёсць як бы нецэнзурныя выказванні ў канцы. Як бы яшчэ і з-за гэтага дадуць штраф. Але прычына ў тым, што трапіла на апазіцыйны сайт, усё адтуль пайшло».
Карэспандэнт: «То бок табе сказалі, што гэтага відэа не павінна быць у сеціве?»
Дзмітры: «Так, паколькі відэа трапіла на апазіцыйны сайт, што мы пайшлі супраць Лукашэнкі, і каб у нас не было праблемаў, сказалі выдаліць відэа. Я віны тут сваёй ні ў чым не бачу, за гэта артыкула няма».
Карэспандэнт: «А як бацькі паставіліся да гэтай гісторыі?»
Дзмітры: «Сказалі, што гэта глупства, што не трэба было Лукашэнку рабіць выклік. І ўсё».
У акцыі «Выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge) узяў удзел гендырэктар Facebook Марк Цукерберг, каб прыцягнуць увагу да вывучэння невылечнага захворвання цэнтральнай нервовай сістэмы — бакавога аміятрафічнага склерозу (ALS).
Перад тым як абліцца ледзяной вадой, кіраўнік сацыяльнай сеткі заявіў, што кідае выклік заснавальніку Microsoft Білу Гейтсу і сваім намеснікам у кампаніі Facebook. Кожны з іх павінен быў на працягу наступных 24 гадзін або выліць на сябе вядро вады, або ахвяраваць грошы аднаму з фондаў барацьбы з ALS.
Біл Гейтс прыняў выклік Цукерберга і ў межах дабрачыннай кампаніі, якая атрымала назву ALS Ice Bucket Challenge, абліўся вадою і выклаў відэаролік у сваім акаўнце на YouTube.
З гэтага і пачалася акцыя, якая ўжо прымусіла абліцца вадою тысячы вядомых і невядомых людзей па ўсім свеце.
Папулярны актор Він Дызэль ужо кідаў выклік Уладзіміру Пуціну — той яго не прыняў. Узяў удзел у акцыі і экс-прэзідэнт ЗША Джордж Буш, сказаўшы, праўда, што аблівацца халоднай вадой — «не прэзідэнцкая справа». Ён кінуў выклік свайму «калегу» Білу Клінтану.
У акцыі ўзялі ўдзел Ліянэль Мэсі, Нэймар, Усэйн Болт, Леброн Джэймс, Кака, Новак Джокавіч, Хэрард Піке, Мілаш Раёніч, Джон Тэры, зборная ЗША па баскетболе ды іншыя папулярныя асобы.
Удзел у акцыі ўзяла таксама сям’я прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі
Сёння МТС прыняў эстафету ад Velcom у рамках кампаніі Ice Bucket Challenge.
svaboda.org