Першыя званочкі
Падманутыя ў сваёй ілюзіі набліжэння да сярэдняга класу беларусы грукнулі ў дзверы стабільнасці пратэстам. Падобна на тое, што ненавісная рэжыму «пятая калона» павялічвае свае шэрагі.
Падманутыя ў сваёй ілюзіі набліжэння да сярэдняга класу беларусы грукнулі ў дзверы стабільнасці пратэстам. Падобна на тое, што ненавісная рэжыму «пятая калона» павялічвае
свае шэрагі.
Наш інфармацыйны імклівы век складана ўтаймаваць. Нават КДБістам, нават у Беларусі. Пагрозу ў вынаходніцтве чалавецтва — інтэрнэце — улады краіны адчувалі нездарма. Варта было
пахіснуцца мілай сэрцу валадароў «чырвонага дома» ідэі стабільнасці і квітнення, як на вуліцу з пратэстам выйшлі прадстаўнікі ўчорашняга электарату, а цяпер ужо апазіцыі. У Мінску і
абласных гарадах прайшла акцыя пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін і дызельнае паліва «Стоп-бензін». У сталіцы акцыя мела і маштаб, і розгалас — аўтааматары на
дзве з паловай гадзіны паралізавалі цэнтральны праспект. І дзеянні іх не мелі асуджэння — пешыя віталі «конных» воплескамі апладысментаў. І нават вадзіцелі і пасажыры тых
машыны, што выпадкова трапілі ў паток, не абураліся, а націскалі на клаксоны, далучаючы свой голас да пратэстнага гулу. І сыпаліся на асфальт і з машын, і з натоўпу дробныя беларускія купюры
— на знак іх абясцэньвання, што гэта ўжо не грошы, а фанцікі. І гучалі рэплікі: “Сёння стоп-бензін, заўтра — стоп-рэжым!, “Цікавей, чым на
парадзе!, “Акупаваны горад вітае сваіх вызваліцеляў!.
Спыніць, разагнаць матарызаваную акцыю пратэсту сілавыя структуры, натрэніраваныя супраць мірных пешых дэманстрантаў, аказаліся бяссільныя. Міліцэйскія эвакуатары, што выехалі на праспект, міжволі
аказваліся як бы ўдзельнікамі акцыі, мінакі віталі іх смехам.
Пакуль прэтэндэнты на розумы і сэрцы беларусаў з ліку апазіцыйных дзеячаў і палітыкаў будуюць планы на восень, незадаволеныя абывацелі самаарганізуюцца ў пратэстныя хвалі. І нервы не вытрымалі. На
наступны дзень некалькіх удзельнікаў акцыі прысудзілі да штрафаў, хаця за такую правіннасць, як прысутнасць на плошчы Незалежнасці 19 снежня мінулага года, каралі турэмнымі тэрмінамі. Але не той
суб’ект, каб яго дражніць. Наадварот, Аляксандр Лукашэнка тэрмінова ўчыніў традыцыйны разнос зарваўшымся чыноўнікам, загадаў панізіць кошты на паліва, а падвышэнне коштаў на іншыя тавары
ўзгадняць непасрэдна з ім. Самы дарагі бензін цяпер мусіць каштаваць 4 500 рублёў за літр. Хто ведае, магчыма, акцыі “Стоп-бензін наканавана стаць пачаткам “бензінавай
рэвалюцыі.
Тым часам у сацыяльных сетках (праз якія ўласна і рассылаліся абвесткі наконт акцыі «Стоп-бензін») плодзяцца заклікі выходзіць на цэнтральныя плошчы гарадоў. Пакуль без сімволікі,
плакатаў, лозунгаў. Але маштабы незадаволенасці ў народзе, які спрэс кляне ўладу за галечу, такія, што і да лозунгаў-патрабаванняў 19 снежня недалёка. Выходзяць пакуль што не тысячамі. У Мінску і
абласных цэнтрах на цэнтральных плошчах сабраліся сотні. Ізноў жа па закліку распаўсюджаных у сацыяльных сетках абвестках аб зборы людзей.
Сацыёлаг Аляксандр Сасноў зазначае, што незадаволенасць уладамі расце. І прагнозы ў гэтым кірунку для рэжыму негатыўныя. «Запалоханасць у грамадстве расце. Разам з тым у сакавіцкім апытанні
рэйтынг улады ўжо ўпаў. Думаю, што пазнейшыя вынікі сацыялагічных даследаванняў пакажуць значны рост незадаволенасці палітыкай уладаў», — гаворыць эксперт.
Органы дзяржбяспекі паспрабавалі прыціснуць інтэрнэт-актыўнасць. Мадэратараў буйных беларускіх суполак сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» наведалі КДБісты. Але ў стане сацыяльнай
напружанасці на змену адным лідарам хутка прыходзяць новыя. Мэта такіх акцый — «пазбавіцца ад страху і пачаць дзейнічаць», «скінуць Лукашэнку». Да слова,
моладзевая інтэрнэт-платформа «Рух будучыні», у групе якой «ВКонтакте» запісана больш за 211 000 чалавек, рыхтуе цыкл акцый «Рэвалюцыя праз сацыяльную
сетку». З 8 чэрвеня па 1 верасня арганізатары прапануюць аднадумцам кожны тыдзень збірацца на галоўнай плошчы свайго горада.
Падзенне дыктатур Усходу, што адбылося цягам апошніх месяцаў, выявіла некалькі маркераў, што ўжо маюць месца і ў Беларусі: масавая незадаволенасць, новае пакаленне, што глядзіць на свет шырэй і не
мае намеру жыць у дзяржаве-канваіры, аслабленасць улады па тых ці іншых пазіцыях. Да гэтага варта дадаць: каб атрымаць апошнюю інфармацыю «з палёў», цяпер не трэба чакаць выхаду
газеты «Искра» — дастаткова зайсці ў сацыяльную сетку, дзе грамадзянская журналістыка шчодра выдае свежанькі прадукт.
Магчымае развіццё падзей залежыць хіба што ад часу і майстэрства ўладаў матэрыялізаваць грошы з паветра. Калі апошняе не ўдасца, колькасць гатовых пайсці на пратэст з лідарам ці без будзе толькі
павялічвацца. І ўтаймаваць набрынялую за гады сілу злосці, незадаволенасці, прыгнечанасці чалавечага гонару атрымаецца хіба што злачынствам супраць свайго народа. Але, будзем спадзявацца, да
гэтага не дойдзе.