Паводле інфармацыі праваабаронцаў, стан здароўя Вінярскага выклікае трывогу
Стан здароўя актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максіма Вінярскага, які трымае сухую галадоўку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна, выклікае трывогу.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла праваабаронца Юлія Сцяпанава, якая таксама з'яўляецца актывісткай "Еўрапейскай Беларусі".
Максім Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Мінску на выхадзе з гандлёвага цэнтра "Карона". Актывісту заявілі, што ён "падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку", аднак ужо ў аддзяленні міліцыі яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У той жа дзень суддзя Фрунзенскага суда Мінска Людміла Лапо прызнала Вінярскага вінаватым і прыгаварыла да 12 сутак арышту.
Падчас суда Вінярскаму, у якога на той час была вострая ангіна, стала дрэнна. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыехалі, канстатавалі, што ён мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак міліцыянеры заявілі, што
адвязуць яго ў ЦІП. У адказ Вінярскі абвясціў сухую галадоўку, якую трымае дагэтуль.
Паводле слоў Юліі Сцяпанавай, Вінярскі адчувае сябе дрэнна, у яго павышаная тэмпература. Аб гэтым ён паведаміў ёй у лісце. "Усё, што рабілі супрацоўнікі МУС і Фрунзенскага суда ў дачыненні
да мяне, з'яўляецца правакацыяй, — гаворыцца ў лісце асуджанага. — Падобныя дзеянні недапушчальныя, і калі не процідзейнічаць гэтай "сістэме", то яны ніколі
не спыняцца. Мае дзеянні прадуманыя і дакладныя, я ўпэўнены ў правільнасці занятай пазіцыі і разумею, чым дзеля яе ажыццяўлення часам даводзіцца ахвяраваць. Я ўпэўнены ў перамозе над сістэмай у гэтай
сітуацыі, бо амаль любы з наяўных варыянтаў развіцця падзей пакажа, чаго варты чалавек, здольны стаяць за свае перакананні".
Як раней паведамляў БелаПАН, 25 красавіка Вінярскага наведала яго адвакат Вольга Безбародкіна. Яна пацвердзіла, што яе падабаронны працягвае сухую галадоўку. Пасля наведвання адвакат напісала
скаргу на імя начальніка ЦІП у сувязі з тым, што ў камеры, у якой сядзіць Вінярскі, няма лямпачкі і па вечарах немагчыма чытаць.
Затрыманні і арышты Максіма Вінярскага і іншых грамадскіх актывістаў, якія адбыліся на мінулым тыдні, праваабаронцы звязвалі з правядзеннем 26 красавіка традыцыйнай акцыі апазіцыі
"Чарнобыльскі шлях" (Вінярскі быў адным з яго арганізатараў), прыездам у Мінск 29 красавіка прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна для ўдзелу ў саміце мытнай "тройкі", а
таксама адкрыццём 9 мая ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі.
Нагадаем, акрамя Вінярскага, былі затрыманы Аляксандр Сцепаненка, Уладзімір Сяргееў (абодва былі асуджаныя на пяць сутак адміністрацыйнага арышту), Ілья Дабратвор (10 сутак арышту), былы
палітзняволены, вядомы апазіцыянер Дзмітрый Дашкевіч (25 сутак арышту) і Аляксандр Францкевіч (суд над ім яшчэ не адбыўся).
Захар Шчарбакоў, БелаПАН