Пастаяў у счэпцы – крымінальная справа. Гісторыя палітвязня Алега Мазгова

Па стане на вечар 5 кастрычніка ў Беларусі 77 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. Адным з палітвязнем з'яўляецца 25-гадовы спартсмен Алег Мазгоў.

Алег Мазгоў 9 жніўня ў Мінску на мітынгу

Алег Мазгоў 9 жніўня ў Мінску на мітынгу

За ўдзел у мітынгу 9 жніўня ён абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. Жонка Алега распавяла яго гісторыю "Вясне".
Да затрымання Алег працаваў у Мінску фітнес-трэнерам, займаўся боксам. Як распавяла жонка Алега, яна знаходзіцца на 5-ым месяцы цяжарнасці, а 8-га лістапада будзе год з іх вяселля. Да арышту Алег уладкаваўся на другую працу грузчыкам, каб зрабіць дома рамонт і падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці.
Па словах жонкі, раней Алег наогул не займаўся грамадскім актывізмам або палітыкай. 9 жніўня ён выйшаў на вуліцы Мінска ў знак нязгоды з вынікамі выбарамі, а праз тры тыдні пасля гэтага яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
«Затрымалі Алега 1-га верасня наўпрост на працы. Дома я была адна, спала. Мяне пабудзілі і падманам прымусілі адчыніць дзверы. Калі адчыніла, то адштурхнулі ад дзвярэй і пачалі пераварочваць кватэру. Забралі ўсю тэхніку: ноўтбук і планшэт. Іх да гэтага часу не вярнулі», – распавядае жонка Алега Мазгова.
Жонка Алега прадаставіла "Вясне" фота, дзе ён знаходзіцца на мітынгу, але яна ўпэўненая, што ён нічога ламаць, а тым больш біць кагосьці не мог:
«Алег вельмі таварыскі і мірны чалавек, любіць людзей. У тым, што ён нікога не біў і нічога не ламаў я ўпэўненая на 100%. Ні разу не прыцягваўся да адказнасці. Сірата з 18-ці гадоў».
17 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Мазгова палітвязнем. Праваабаронцы лічаць яго абвінавачванне па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі») палітычна матываваным пераследам у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзесяць праваабарончых арганізацый Беларусі запатрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення з-пад варты палітвязня Алега Мазгова і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да яго.

Алег Мазгоў. Фота прадастаўлена "Вясне" яго жонкай

Алег Мазгоў. Фота прадастаўлена "Вясне" яго жонкай


На гэты момант Алег ужо месяц утрымліваецца ў СІЗА №1 у Мінску.
Адрас для лістоў Алегу: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030