Пасол Швейцарыі наведаў у калоніі палітзняволеную Наталлю Хершэ

Пасол Швейцарыі ў Беларусі Клод Альтэрмат наведаў у гомельскай калоніі Наталлю Хершэ, паведамляе «Еўрарадыё».

Наталля Хершэ / svaboda.org

Наталля Хершэ / svaboda.org

Пра гэта швейцарскі дыпламат напісаў у Twitter. Гэта яго другая сустрэча з Наталляй Хершэ з пачатку года.

«Сітуацыя для нашай грамадзянкі няпростая», — напісаў ён.

Дыпламат таксама адзначыў, што Хершэ вельмі цэніць падтрымку звонку і вельмі ўдзячная ўсім за яе.

Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У пачатку снежня 2020 года яна была асуджаная на 2,5 гады калоніі за супраціў супрацоўніку міліцыі. Падчас жаночага маршу 19 верасня яна сарвала балаклаву з супрацоўніка міліцыі. Сваю віну жанчына не прызнала.

На прысуд была пададзена апеляцыя, але Мінскі гарадскі суд адхіліў яе і пакінуў прысуд без змен.

У красавіку Наталля Хершэ праз брата прасіла прадпрыемствы і кампаніі, чыім работнікам патрэбная ўніформа, заказваць яе ў гомельскай калоніі. Калі грамадзянскіх заказаў не будзе, яе могуць абавязаць шыць форму для сілавікоў.

Справа Наталлі Хершэ неаднаразова абмяркоўвалася кіраўнікамі МЗС Беларусі і Швейцарыі, у тым ліку падчас візіту Уладзіміра Макея ў Берн месяц таму.