Пасля публікацый помнік мараку з Курска ля мінскай школы прыбралі (фота)

На месцы мемарыяла застаўся толькі якар.



Нагадаем, дванаццатага жніўня нашая газета паведамляла пра з'яўленне дзіўнага помніка ля сталічнай школы №134, што быў пастаўлены ў памяць пра марака Сяргея Дудко, які служыў памочнікам камандзіра расійскай атамнай падводнай лодкі "Курск". Бацькі Сяргея Дудко паходзяць з Брэсцкай вобласці, аднак сам ён нарадзіўся і вучыўся ў Мурманскай вобласці Расіі.

Меркалася, што помнік будзе адкрыты 17 верасня, аднак пасля апублікавання інфармацыі і здымкаў мемарыяла помнік нечакана прыбралі са школьнага двара, на яго месцы застаўся толькі якар. Як распавялі супрацоўнікі школы, цяпер мемарыял захоўваецца ў школе, ці будзе ён дзесьці ўсталяваны — невядома. На пытанне, чаму ж дэманціравалі помнік, у школе адказваюць — маўляў, напісалі ў Інтэрнэце, камусьці не спадабалася, вось і прыбралі.

Нагадаем, у гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў з дня затаплення расійскай падлодкі "Курск". Падчас гэтага трагічнага здарэння загінула 118 маракоў; адзінай версіі, чаму затанула падлодка, дагэтуль няма.