Жыццё працягваецца!
Сіноптыкі абяцаюць — цёплыя дні яшчэ будуць, але галоўная летняя спёка скончылася. Некаторыя грамадзяне краіны капаюць бульбу, а некаторыя — рыхтуюць дзяцей да школы. Мы ўцягваемся ў працоўныя будні, і ўжо ўзгадваем прайшоўшае лета…
Нас чакаюць выпрабаванні. Падобна на тое, што рэформа беларускай адукацыі мае ўжо сталы характар. Больш за 10 гадоў у нас ідуць змены-перамены, і чыноўнікі думаюць, што б яшчэ палепшыць. Вось і тых, хто ідзе ў гэтым годзе ў апошні клас, як казалі ў Саўдэпіі, «уступае ў дарослае жыццё», наступны год будзе складаным. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў на дакладзе ў Лукашэнкі паведаміў, што ў Беларусі зноў памяняюць правілы паступлення ў ВНУ.
У прыватнасці, па ягоных словах, будуць вырашаны пытанні аб здачы чатырох прадметаў на ЦТ, аб падачы дакументаў адначасова ў некалькі ВНУ па аднолькавым профілі. Акрамя таго, разглядаюцца некаторыя тэхнічныя змены, якія тычацца самой працэдуры правядзення цэнтралiзаванага тэставання, сказаў чыноўнік, не ўдакладняючы дэталяў.
Будучыя абітурыенты павінны напружыцца. Хто яго ведае, што там навыдумлялі ў Мінадукацыі? Па старой звычцы, мы ўжо не чакаем ад іх нічога добрага.
У краіне працягвае расці долар. Прагнозы, выказаныя ў мінулым нумары «НЧ» наконт плаўнай дэвальвацыі, атрымалі рэзкі і хуткі працяг. Долар у аўторак пераскочыў планку ў 16 250 рублёў. Гэта азначае, што крыху менш за тры тыдні — з 1 па 18 жніўня — урад абясцэніў нацыянальную валюту на 1,5%.
У гэты ж час адна са стваральнікаў канцэпцыі «плаўнай дэвальвацыі», былая кіраўнічка Нацбанка Надзея Ермакова атрымала ўзнагароду ўрада Беларусі. Ёй нададзеная ганаровая грамата.
Афіцыйна ў дакуменце за подпісам прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова гаворыцца, што Ермакова ўзнагароджана «за шматгадовую плённую працу па ўмацаванні інстытута сям’і і абароне законных інтарэсаў жанчын, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, вялікі асабісты ўнёсак у развіццё дабрачыннай дзейнасці». У гэтай пастанове Саўміна Ермакова ўзгадваецца як старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», якое сёння аб’ядноўвае больш за 183 тысяч чалавек.
Аднак ці сапраўды яе ўзнагародзілі за «жаночую дзейнасць», а не за ідэю плаўнага спуску валюты? Бо 15 жніўня, праз тры дні пасля падпісання дакумента, у Мінску адбылася VI пазачарговая рэспубліканская канферэнцыя саюза жанчын, на якой новым старшынёй арганізацыі абраная міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.
Увогуле, беларускія жанчыны радуюць. Букмекерскія канторы зноў уключылі беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч у лік верагодных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Стаўкі на перамогу Алексіевіч ужо прымаюць ірландская PaddyPower і брытанская Landbrokes.
Між тым, пакуль не вядома, хто намінаваў Алексіевіч на атрыманне прэміі сёлета, і ці намінаваў яе хто-небудзь наогул. Аднак, паводле версіі абедзвюх букмекерскіх кантор, беларуская пісьменніца мае найбольш высокія шансы на перамогу. Прыкметна, што на другое і трэцяе месцы абедзве кампаніі змясцілі японца Харукі Муракамі і кенійца Нгугі Ва Тхіонга. Усе тры пісьменнікі лічыліся ў спісах найбольш верагодных уладальнікаў гэтай узнагароды і летась, аднак Нобелеўскай прэміі 2014 года ўдастоіўся француз Патрык Мадыяна.
Букмекеры ўключаюць Святлану Алексіевіч у спіс верагодных лаўрэатаў прэміі ўжо трэці год запар. За цыкл сваіх твораў, сярод якіх «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Апошнія сведкі» і «Чарнобыльская малітва», яна ўносілася ў спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры і раней.
Летась Алексіевіч з поспехам выпусціла заключную кнігу цыкла «Галасы Утопіі» пад назвай «Час сэканд-хэнд» і цяпер працуе над сваёй новай кнігай «аб простым чалавечым каханні». Гэтая кніга пад рабочай назвай «Дзіўнае алянё вечнага палявання» ёй задумвалася яшчэ 20 гадоў таму…
Варта адзначыць, што ў сярэдзіне сакавіка гэтага года Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у ЗША сумесна з нью-ёркскім выдавецтвам "Juliette" намінаваў на Нобелеўку па літаратуры паэта Уладзіміра Някляева — «за адданае служэнне свайму народу ў імя свабоды».
Шведская акадэмія, якой даверана вызначаць пераможцу Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, пакуль не вызначыла дату, калі будзе абвешчана імя новага лаўрэата прэміі. Аднак ужо вядома, што сёлета на адрас экспертнай камісіі паступіла 259 прапаноў з імёнамі 198 намінантаў. Сярод іх 36 чалавек, якія намінуюцца ўпершыню.
І яшчэ ўвосень мы пабачым добрае кіно. Першы тызер трагікамедыі «Гараш» аб жыцці ў сталічным мікрараёне Шабаны ўжо з’явіўся ў інтэрнэце. Праект Андрэя Курэйчыка, меркавана, блізкі да завяршэння.
Аўтары ад пачатку паставілі сабе на мэце даказаць магчымасць здымкі «незалежнага некамерцыйнага кіно аб Беларусі без дзяржаўнай падтрымкі або дыктату прадзюсараў». Здымкі фільма пачаліся ў канцы чэрвеня і завяршыліся ў жніўні гэтага года. Цяпер ідуць мантажна-таніровачныя работы. Бюджэт карціны склаў менш чым 5 тысяч долараў, сродкі ў стварэнне стужкі ўклалі як самі аўтары праекта, так і ахвяравалі грамадзяне.
У стварэнні фільма ўдзельнічаюць кампазітар стужкі «Вышэй за неба» і прадзюсар Дзмітрый Фрыга, прадзюсар «Тэатра Ч» Андрэй Чорны, аператары Аляксандр Крупіна і Мікіта Пінігін. Галоўныя ролі ў стужцы выконваюць музыканты гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч і Юрый Навумаў, лідар калектыву «Гурзуф» Ягор Забелаў, акцёры Эвеліна Сакура і Арцём Курэнь, а таксама артысты беларускіх тэатраў.
«Беларусам час шчыра паглядзецца ў люстэрка і пашукаць адказ, што ж мы за дзіўная нацыя такая з савецкай сімволікай, саўковай архітэктурай, саўковым заканадаўствам, культурай, эстэтыкай, гумарам, дажынкамі, з недабітай нацыянальнай інтэлігенцыяй і вечным нявырашаным выбарам: быць часткай рускага свету або цывілізаванай еўрапейскай прасторы», — кажа Андрэй Курэйчык.
Ці будзе фільм паказаны ў кінатэатрах, па тэлебачанні або выкладзены ў інтэрнэт, залежыць ад таго, як да яго паставяцца ўлады Беларусі.