Станіслаў Багданкевіч: Дэвальвацыя працягнецца
Да якой мяжы працягнецца аслаблення беларускага рубля? Які курс даляра будзе напрыканцы гэтага году? На гэтыя пытанні адказвае экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Сёння на таргах у Мінску долар і еўра ставілі чарговыя рэкорды. Долар у выніку падаражэў на 164 рублі да 16.423 беларускіх. Еўра вырас на 224 рублі да 18.198.
Учора долар вырас на 235 рублёў, а еўра падаражэў на 237 рублёў.
— Да якой мяжы працягнецца аслаблення беларускага рубля? Ці бачыце вы тое дно?
— Пакуль яго не бачна, так што на гэты момант можна сказаць, што рубель будзе абясцэньвацца бясконца, — адзначае Станіслаў Багданкевіч. — Галоўным паказчыкам павінна стаць на макраўзроўні інфляцыя. Калі яна будзе да 3 адсоткаў, то долар будзе стабільным. Мы шмат увагі надаем на ўзроўні ўлады валютнаму курсу, у той час, калі ў першую чаргу трэба глядзець на інфляцыю. А валютны курс — гэта тое, што маем пасля інфляцыі. З апошняй улады пакуль не спраўляюцца, таму дэвальвацыя працягнецца.
— Але многія эксперты кажуць, што зараз на курс беларускай нацыянальнай валюты ў першую чаргу ўплывае падзенне коштаў на нафту, а суадносна і зніжэнне расейскага рубля.
— Мне здаецца, што гэта крыху штучная прывязка. У Беларусі ёсць уласная валюта, і, калі б эканоміка нармальна працавала, то ніякай пастаяннай дэвальвацыі таксама не было б. З пачатка году беларускі рубель ужо дэвальваваўся больш чым на 30 адсоткаў, і ніхто не ведае, дзе мяжа. На мой погляд, тут больш унутраныя фактары паўплывалі, чым знешнія. Пры чым тут Расія, калі ў нас ёсць уласная эканоміка, якая не працуе? Рэцэсія ў прамысловасці (мінус 7 адсоткаў), УВП падае (на 3,3 адсоткі), пастаянная інфляцыя — усё ж гэта адбіваецца на курсе валюты. Я днямі паглядзеў статыстыку па крэдытах у свеце. У Германіі, Францыі, Швейцарыя малы і сярэдні бізнес па сутнасці можа атрымліваць бясплатныя крэдыты, а ў нас — вышэй за 30 адсоткаў.
— Ваш прагноз: што чакае беларускі рубель да канца гэтага году?
— Мяркую, што ён утрымаецца ў межах 17 тысяч за долар. Я пра гэта казаў яшчэ год таму, і такога ж прагнозу прытрымліваюся зараз. Але гэта пры ўмове, калі ўлады не дапусцяць абвальнага росту рублёвай масы, не пойдуць на штучнае павышэнне пенсій і заробкаў.
— Некаторыя вашы калегі не такія аптымістычныя, як вы, і заяўляюць, што да канца году валютны курс можа дасягнуць 20 тысяч рублёў за долар.
— Гэта можа быць, калі зменіцца манетарная палітыка на рынку. Але наўрад ці варта гэтага чакаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя