Партыя БНФ перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні Дня Волі

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 11 кастрычніка перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні Дня Волі ў 2019 годзе.

petitions.by

petitions.by

У прыватнасці, паведаміў БелаПАН палітык, сёння ён сустрэўся з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Жаўняком. «Галоўная тэма маёй размовы тычылася пытанняў таго, як будзе адзначацца Дзень Волі ў наступным годзе, а таксама рэалізацыі некаторых прапаноў партыі аб святкаванні 100-годдзя БНР у гэтым годзе. У тым ліку размова ідзе аб правядзенні тэматычных канферэнцый і мерапрыемстваў, а таксама ўсталяванні памятнай дошкі на доме, дзе была 100 гадоў таму абвешчана беларуская дзяржава», — распавёў палітык.  
План святочных мерапрыемстваў у Дзень Волі 25 сакавіка ў наступным годзе пакуль абмяркоўваецца «толькі папярэдне, ёсць розныя прапановы», дадаў ён. Пісьмовы адказ на зварот, па словах Рыгора Кастусёва, паабяцалі ў адміністрацыі даць ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. 100-годдзе стварэння БНР дэмакратычная грамадскасць адзначала 25 сакавіка гэтага году. Упершыню за многія гады Мінгарвыканкам дазволіў правесці ў цэнтры горада, каля опернага тэатра, святочны мітынг і канцэрт. Сталічныя ўлады таксама станоўча паставіліся да ідэі ўстаноўкі памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР. Сродкі на выраб дошкі сабралі ў інтэрнэце за некалькі гадзін. Планавалася, што дошка будзе ўстаноўлена 23 сакавіка, але пасяджэнне ў Мінгарвыканкаме савета, які афіцыйна павінен быў ухваліць гэтае рашэнне, было перанесенае на няпэўны час.

30 жніўня Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай паскорыць працэс ўстаноўкі памятнай дошкі. Афіцыйны адказ паступіў у партыю ў сярэдзіне верасня. У ім паведамляецца, што ў адрас гарвыканкама «паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9». Пры гэтым у гарвыканкаме сцвярджаюць, што «пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння па ўсталёўцы памятнай дошкі знаходзіцца на разглядзе». 

Naviny.by