Памёр галоўны рэдактар Аўтарадыё Юрый Базан
24 верасня сышоў з жыцця заснавальнік і галоўны рэдактар Аўтарадыё Юрый Базан. Яму было 53 гады. Пра гэта ў фэйсбуку паведамляе былая намесніца рэдактара Ірына Барысенка са спасылкай на сваякоў памерлага.
«Трагедыя. Сышоў чалавек, які стаяў ля вытокаў прыватнага радыёвяшчання Беларусі. Базана Юрыя Мікалаевіча больш няма».
Прычына смерці не паведамляецца. Па папярэдняй інфармацыі пахаванне адбудзецца ў аўторак 27 верасня.
Нагадаем, Аўтарадыё пачынае вяшчанне ў 1992 годзе. У 2001 годзе атрымлівае частату 105,1 FM і набірае папулярнасць як адзіная радыёстанцыя, якая круціць у эфіры беларускую музыку, у тым ліку і забароненыя гурты кшталту N.R.M., «Крамбамбулі», «Ляпіса Трубяцкога», Neuro Dubel, «Крама» і т.д.
У 2009 годзе Аўтарадыё і Еўрарадыё ладзяць сумесны праект ЕўраZOOM, за які Аўтарадыё атрымлівае папярэджанне ад Мінінфармацыі за "невыкананне канцэпцыі творчага вяшчання". У выніку, каб не страціць частату і ліцэнзію Аўтарадыё, праект быў спынены.
Аўтарадыё зачынілі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюд інфармацыі, якая "ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмістскай дзейнасці." Насамрэч, так улады адрэагавалі на агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Андрэя Саннікава, якія круціліся ў эфіры, дзе ён казаў, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы". Аспрэчыць праз суд рашэнне аб закрыцці Аўтарадыё не атрымалася.
"Новы час" выказвае шчырыя спачуванні сваякам і блізкім Юрыя Базана.
Паводле euroradio.by