У Бабруйску слесар завода здзейсніў суіцыд, атрымаўшы разліковы лісток з мінусавым заробкам

Цела 38-гадовага мужчыны, які працаваў слесарам на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, знайшлі ў падвале прадпрыемства ўвечары 27 верасня. Пра свой намер звесці рахункі з жыццём ён паведаміў жонцы па тэлефоне за некалькі хвілін да самагубства.

alexander_chuguev_dsc_5858_gg850.jpg


Наталля Аляксеева пражыла з Дзмітрыем у шлюбе 3,5 года. Кажа, ён быў чалавекам спакойным і ўраўнаважаным. Аднак фінансавыя праблемы, з якімі сутыкнулася сям'я, відаць, змусілі яго пайсці на крайні крок.
Мы выплачвалі крэдыты плюс аліменты на дзяцей мужа ад першага шлюбу. Напярэдадні ён атрымаў разліковы лісток, па якім выйшла, што ён яшчэ і павінен застаўся, — распавяла ўдава і патлумачыла: — Да гэтага муж быў месяц у адпачынку, потым выйшаў на працу — змен было мала. У выніку і заробку няма.
Дзмітрыя, па яе словах, гэта так знервавала, што ён нават спаліў разліковы лісток.
А палове шостай я вярталася з працы на аўтобусе, Дзіма патэлефанаваў і сказаў, што хоча пагаварыць. Яго голас ужо не быў такім упэўненым, як раней, — успамінае жанчына. — Я даехала дадому і набрала яго. Высветлілася, што мужа збіраюцца звальняць. Чаму? Я не ведаю.
Апошні раз Дзмітрый патэлефанаваў жонцы ў 19.38, развітаўся і паведаміў, што яго варта шукаць у заводскім падвале. Наталля тут жа звязалася з калегамі мужа, якія спусціліся ў падвал, але выратаваць Дзмітрыя ўжо не змаглі — мужчына павесіўся.

Ілона, дачка загінуўшага ад першага шлюбу, сцвярджае, што тата і пасля разводу працягваў клапаціцца пра дзяцей, якія разам з маці перабраліся жыць у вёску.
На прадпрыемстве, дзе працаваў Дзмітрый, сітуацыю пакуль не каментуюць.
Кіраўнік Бабруйскага міжраённага аддзела СК Дзяніс Шумін пацвердзіў інфармацыю пра фінансавыя праблемы загінулага, дадаўшы, што па факце смерці работніка прадпрыемства праводзіцца праверка.
Паводле nn.by