Палітзняволеная напісала пра збіццё і катаванні на кавалку туалетнай паперы
Крыніцы «Белсату» перадалі рэдакцыі ліст ад палітзняволенай Кацярыны Новікавай. На кавалку туалетнай паперы Кацярына паведаміла, што яе «білі ўсім кабінетам».
Кацярыну Новікаву затрымалі ў пачатку лета 2023 года. Яе схапілі ў адной начнушцы, у якой яна прабыла ў СІЗА да першай перадачы ад родных.
Кацярыну Новікаву, як адзначае «Вясна», судзілі паводле сямі артыкулаў, ад «Распальвання варожасці» да «Гвалту супраць міліцыянта». Працэс вяла суддзя Алена Шылько, у выніку прысудзілі 6,5 года зняволення і штраф Br 3000, якія яна мае выплаціць у якасці кампенсацыі «пацярпелым».
«Білі ўсім кабінетам за інтэрв'ю»
У лісце на кавалку туалетнай паперы жанчына піша, што пры затрыманні яе біў супрацоўнік ГУБАЗіКу Іван Васілевіч, затым у штабе ГУБАЗіКу на Рэвалюцыйнай 3, яе «ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам». Сказалі, што б’юць за ейныя інтэрв’ю, за Telegram-канал і за ейныя звароты.
Лісты Кацярыне амаль не даходзяць. Яна піша таксама, што «малюнкі забаранілі».
«Я ўпала з другога паверху ложка, галавой аб драўляную паліцу, – піша зняволеная. – Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць выніку».
«Маімі пацярпелымі з'яўляюцца тыя, ад каго я пацярпела ў 2020-м», — піша Кацярына Новікава.
Кацярына падазрае, што сын ейнай першай адвакаткі працуе на ГУБАЗіК, двух сваіх адвакатаў яна называе ніякімі.