Хронікі рэпрэсій. Украінца вінавацяць у «распальванні варожасці» за каментары пра акупантаў
Абсурд у Беларусі не спыняецца. Распавядаем, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 чалавек — цяпер у ім 3975 прозвішчаў
12 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі музыкаў Nizkiz Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу, Дзмітрыя Халяўкіна, а таксама асуджаную па вяртанні з Польшчы Аляксандру Каско.
Сілавікі затрымалі ўкраінца за каментары пра расійскіх вайскоўцаў
Сцвярджаецца, што затрыманы — ураджэнец Львова. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пісаў абразлівыя каментары на адрас расійскіх вайскоўцаў.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчыну затрымалі паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).
Палітзняволеная Кацярына Новікава напісала на кавалку туалетнай паперы пра збіццё і катаванні
«Ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам. Сказалі, што за мае інтэрв'ю, канал і за мае палымяныя звароты. У маёй першай адвакаткі, падобна, сын працуе ў ГУБАЗіК (але гэта не дакладна)»
«Маімі пацярпелымі з'яўляюцца тыя, ад каго я пацярпела ў 2020-м. Два апошнія адвакаты ў мяне ніякія. Раз'юшваюць»
«Вельмі шмат палітычных тут, але шмат хто з іх выпадкова палітычны і "стукаюць" адзін на аднаго. Мама абгаварыла мяне следаку, я ў шоку была»
Журналіста Ігара Карнея пераводзяць у Магілёў да разгляду апеляцыі
Пра гэта паведамляе крыніца «Радыё Свабоды»:
«Ігара сёння этапуюць у Магілёў, там будзе ўвесь час падчас апеляцыі. Настрой нармальны, учора быў адвакат. Сёння яшчэ паспелі перадаць невялікую перадачу».
Жыхара Віцебска затрымалі за каментар пра памерлага экс-начальніка ПК-3 Аляксея Старавойтава
Відэа затрымання мужчыны апублікавала праўладныя тэлеграм-каналы. У сацсетках мужчына падпісаны як Генадзь Палонскі.
Былы начальнік калоніі «Віцьба» Аляксей Старавойтаў памёр у лютым. Яму было 47 гадоў.
Музыкаў гурта Nizkiz асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі»
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 сакавіка адбыўся суд над палітзняволенымі музыкамі вядомага беларускага гурта Nizkiz. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Суддзя Алена Жывіца прызначыла Аляксандру Ільіну, Сяргею Кульшы і Дзмітрыю Халяўкіну па два з паловай гады «хатняй хіміі».
Нагадаем, вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня. Яны працягвалі жыць у Беларусі, часам выязджаючы ў іншыя краіны на канцэрты, але пры гэтым вяртаючыся на радзіму.
Крыніцы: Вясна, Радыё Свабода