Паэт-палітык марыць вярнуцца да пісьмовага стала

Уладзімір Някляеў стаў уладальнікам паганскага бога. Літаратурную прэмію “Гліняны Вялес, якую штогод прысуджаюць за найлепшую кнігу мастацкай літаратуры, уручылі Уладзіміру Някляеву за кнігу “Кон.

Уладзімір Някляеў стаў уладальнікам паганскага бога.

Літаратурную прэмію “Гліняны Вялес, якую штогод прысуджаюць за найлепшую кнігу мастацкай літаратуры, уручылі Уладзіміру Някляеву за кнігу “Кон.

Цырымонія ўзнагароджвання традыцыйна адбываецца ў Полацку, але для Някляева (яму нельга выехаць за мяжу горада), як некалі і для Славаміра Адамовіча было зроблена выключэнне. Статуэтку Вялеса, якую зрабіў Генік Лойка, паэт Уладзімір Някляеў атрымаў у мінскім пэн-цэнтры.

І тут грымнуў гром...

Заснавальнік прэміі Алесь Аркуш расказаў, што кожны раз падчас уручэння прэміі адбываюцца незвычайныя з’явы – то навальніца, то званы на Полацкай Сафіі біць пачынаюць.

Паэт-лаўрэат сказаў, што ўжо адвык ад літаратурных імпрэзаў: то абмежаванне волі, то палітыка. Для літаратуры часу было мала.

Шчыра скажу -- палітыка не зусім мая справа... Калі я стану прэзідэнтам, то напішу заяву на звальненне, і звярнуся вось да гэтага Вялеса: «Вялесе, дай мне сілы і натхнення напісаць яшчэ адну паэму!». А гэтую прэмію трэба было б падзяліць з міністрам Куляшовым: калі б ягоны «Алмаз» не ўздумаў даць мне па галаве, то можа і не далі б мне гэтую ўзнагароду, -- выказаўся Някляеў у сваёй інаўгурацыйнай прамове. -- Літаратура і паэзія — гэта рэчы фундаментальныя. Вось гавораць дэмакратыя... Але ў Еўропу без літаратуры і культуры нам ніяк. Літаратура стварыла Беларусь. І ўжо потым гэты міт быў увасоблены ў рэальнасць.

Бонусам Някляеву  ўручылі копію крыжа БНР на бел-чырвона-белай стужцы. Алесь Аркуш, патлумачыў, што гэта копія крыжа арміі Булак-Балаховіча. І, ён мяркуе, што ніхто з заснавальнікаў БНР не быў бы супраць, каб узнагародзіць Някляева за доблесць.

«Гліня́ны Вя́лес» — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэту Алесь Аркуш. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы ў жыцці. У шот-ліст 2010 года ўвайшлі Міхась Андрасюк, Леанід Галубовіч, Уладзімер Някляеў, Юры Станкевіч, Андрэй Хадановіч.