Новае ў выбарах: каму не падабаецца, каму абыякава

У сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі будзе сем адметнасцяў, якіх не было на папярэдніх выбарах у снежні 2010 году. Менавіта столькі навацыяў пералічыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. 



c2704ccc_bb3e_40b7_ada9_d5563ddbfe5e_w640_r1_s.jpg

. "Радыё Свабода" пацікавілася ў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта і іхніх прадстаўнікоў, як новаўвядзенні паўплываюць на іхнія выбарчыя кампаніі.

 

Патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька найперш адзначае забарону заклікаў да байкоту выбараў. Ярмошына абгрунтавала гэтае новаўвядзенне тым, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах выбараў у СНД, а ў гэтай канвенцыі прапісаная забарона на байкот.

 

Лябедзька не лічыць гэты аргумент пераканаўчым:

gdb.rferl.org__01957399_406f_4_5a84c506de4001737a943eab21a8cf6c.jpeg

Анатоль Лябедзька

«Гэта чарговая хлусня. Заклікі да байкоту ЦВК упершыню забараніла падчас апошняй парламенцкай кампаніі. Гэта было ў 2012 годзе, а на той час нашы ўлады яшчэ не ратыфікавалі згаданую канвенцыю СНД. Мы ўдзельнічалі ў той выбарчай кампаніі. І тады былі дзеянні Цэнтральнай выбарчай камісіі, скіраваныя на тое, каб дэ-факта байкот забараніць. І мы адчувалі гэта падчас выступаў, падчас сустрэч з выбарцамі, падчас камунікацыяў з ЦВК. Таму спасылка на канвенцыю, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці.

 

Улады баяцца, што сёлета людзі праігнаруюць тое, што ім прапануюць пад назвай выбары. Гэта не выбары. А фактычна лахатрон. І лепш за ўсё гаварыць пра гэта было б праз кампанію фактычнага байкоту. Гэта азначае, што ты ўдзельнічаеш у кампаніі і разам з тым выкарыстоўваеш выбарныя працэдуры, каб патлумачыць людзям, што насамрэч адбываецца».

 

Ад партыі «Справядлівы свет» на прэзідэнта збіраецца балатавацца яе старшыня Сяргей Калякін. Ягоны намеснік Валер Ухналёў, які сам балатаваўся ў дэпутаты падчас парламенцкіх і мясцовых выбараў, ацэньвае сітуацыю з інфармацыйнымі матэрыяламі. На гэтых выбарах агульныя інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў будзе выпускаць выключна Цэнтравыбаркам. «Гэта дрэнна», — лічыць Валер Ухналёў:

gdb.rferl.org__47fe08e1_8b38_4_de0c03e229ef197360714cdd06f55df7.jpeg

Валер Ухналёў

«Гэты варыянт ужо абкаталі на мясцовых выбарах. Кандыдат не мае сродкаў ад дзяржавы на свае агітацыйныя матэрыялы, на правядзенне агітацыйнай кампаніі. Маўляў, калі выбаркамы самі выдаюць агульныя матэрыялы, то гэта паляпшае інфармаванасць выбарцаў. Але ж яны ўключаюць у матэрыял тое, што хочуць яны, а не кандыдаты. Яны не ўзгадняюць тэкст з кандыдатамі і пішуць часам абы-што. І падчас мясцовых выбараў нашы кандыдаты судзіліся з-за таго, што ўлады пісалі толькі тое, што яны хочуць».

 

А вось у штабе яшчэ аднаго патэнцыйнага кандыдата, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, да зменаў паставіліся спакайней, кажа першы намеснік партыйнага старшыні Алег Гайдукевіч:

gdb.rferl.org__5b917fc7_b835_4_7a634703bf2fe87e229802a1fe2faadb.jpeg

Алег Гайдукевіч

«Тое, што адзін кандыдат не можа быць даверанай асобай у іншага, мне падаецца, правільна. Кожны кандыдат павінен адстойваць сваю пазіцыю, змагацца за пасаду прэзідэнта. Інакш будзе невядома што, а не палітыка.

 

Калі ў кандыдата на прэзідэнта працаздольная структура, то гэтыя навацыі не перашкаджаюць яму працаваць. Возьмем такую навелу — цяпер пры здачы подпісаў патрэбна ўпісаць прозвішча каардынатара па кожным рэгіёне. Мы гэтым, наадварот, задаволеныя. Мы панясем спісы ў Цэнтравыбаркам і пакажам, якая ў нас вялікая партыйная сетка.

Самае галоўнае для нас, каб усе законы камісіі і мясцовыя ўлады выконвалі. Наша заканадаўства ў цэлым нармальнае. Усё пытанне — у яго прымяненні. Асабліва на месцах».

Першы этап выбарчай кампаніі — падача ў Цэнтральную выбарчую камісію спісаў чальцоў ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта — пачаўся 1 ліпеня. Не пазней за 17 ліпеня прэтэндэнты павінны перадаць спісы ў ЦВК.

www.svaboda.org