Неўзабаве з'явіцца турыстычны даведнік па “беларускай Варшаве”
Беларускі дом у Варшаве рыхтуе да выданьня турыстычны даведнік па месцах, звязаных з беларускай гісторыяй. Якія помнікі павінен убачыць кожны беларус, які наведвае польскую сталіцу?
Пра гэта нам расказвае адзін з аўтараў даведніка, студэнт факультэта турызму ды сябра Беларускага дому Максім Сергіец.
"Беларуская прысутнасць у Варшаве мае 500-гадовую гісторыю, распавядае Максім Сергіец. Варшава была сталіцай нашай супольнай дзяржавы Рэчы Паспалітай, месцам, дзе жылі і вучыліся дзеячы беларускай гісторыі, найбуйнейшым цэнтрам беларускай эміграцыі. Палякі захавалі памяць пра беларускую гісторыю, якую ня ведаюць самі беларусы", – кажа Максім.
М. Сергіец: "Ніхто не ведае, што ў Варшаве ёсць палацы Радзівілаў і Сапегаў, якія знаходзяцца ў выдатным стане. Гэта цяпер адміністрацыйныя будынкі. Варта проста ўбачыць, як палякі ўшаноўваюць памяць Адама Міцкевіча ці Станіслава Панятоўскага, які паходзіць з Беларусі, але быў апошнім каралём Польшчы. Яго малодшы брат быў высокапастаўленым вайскоўцам і, нягледзячы на прарасійскую палітыку, якую была вымушаная весці Варшава, увесь час "вастрыў зубы" і быў гатовы ваяваць за незалежнасць аб’яднанай дзяржавы".
З чаго беларусу пачаць экскурсію па польскай сталіцы? З магілы невядомага жаўнера на плошчы Пілсудскага ў цэнтры Варшавы – нечакана кажа наш гід.
М. Сергіец: "Першае месца – гэта Вечны агонь і помнік Невядомаму жаўнеру. На велічэзных чорных табліцах там запісаныя ўсе важныя бітвы Войска Польскага. Але некаторыя з падзеяў, якія там пералічаныя, маюць толькі ўскосныя адносіны да польскай арміі. Напрыклад, у Аршанскай бітве ўдзельнічалі пераважна беларусы. Тое самае можна сказаць пра бітву пад Кірхгольмам, дзе войска Вялікага Княства Літоўскага дало моцны адпор шведам. Але гэтыя бітвы залічваюцца да перамогаў Войска Польскага. Гэтыя месцы трэба наведаць, каб навучыцца шанаваць сваіх і каб беларусы зразумелі, што сваю гісторыю нельга адпускаць. Бо суседнія народы яе “раздзярбаняць” па кавалках, а нам нічога не застанецца".
Наступнае месца, якое павінен убачыць кожны беларус – гэта Каралеўскі замак у Варшаве, дзе збіраўся Сойм Рэчы Паспалітай.
М. Сергіец: "Абавязкова трэба наведаць Каралеўскі замак і Замкавую плошчу ў Варшаве. Там захоўваецца сэрца Тадэвуша Касцюшкі. Там на працягу стагоддзяў збіраўся Сойм аб’яднанай дзяржавы. Калі ўвайсці ў Соймавую залю, то на столі можна ўбачыць гербы ўсіх зямель Рэчы Паспалітай. Больш за палову з гэтых земляў альбо этнічна з'яўляюцца беларускімі, альбо цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. На столі знаходзяцца сем “Пагоняў”! У замку жыў апошні кароль Польшчы, які быў беларусам па паходжанні – нарадзіўся ў Кобрыне".
Трэцяе месца, якое ўваходзіць у маршрут экскурсіі па “беларускай Варшаве” – гэта форт Легіёнаў і Варшаўская цытадэль – месца забойства кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.
Фота: warszawskie-mozaiki.pl
М. Сергіец: "Трэцяе месца – гэта форт Легіёнаў. Гэта вельмі значнае месца памяці. Там ляжаць косткі людзей, якія змагаліся за нашу Бацькаўшчыну. Толькі адзін са значных кіраўнікоў паўстання – Кастусь Каліноўскі – загінуў не ў Варшаве. Ён быў павешаны ў Вільні. Астатнія клалі свае косткі тут. Іх яшчэ доўга трымалі ў палоне ў Варшаўскай цытадэлі.
Яшчэ б я параіў схадзіць у касцёл Святога Крыжа. Хаця б таму, што там была інаўгурацыя першага Сойму аб’яднанай дзяржавы. Хаця б таму, што там быў хрышчаны пісьменнік Ігнацы Крашэўскі, продкі якога паходзяць з Беларусі, але пра якога беларусы нічога ня ведаюць. Творчасць знакамітага Льва Талстога не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, колькі напісаў Крашэўскі. Ён пры жыцці быў упісаны ў кнігу рэкордаў, як пісьменнік, які напісаў больш за ўсіх твораў у эпоху пяра".
Турыстычны даведнік па месцах Варшавы, звязаных з беларускай гісторыяй, з'явіцца праз два месяцы – кажа Максім Сергіец. Пакуль ён будзе мець форму буклета. Аднак беларусы Варшавы ўжо працуюць над больш дэтальнай формай турыстычнага гіда.
Базыліка Святога Крыжа ў Варшаве