Неталерантныя беларусы
Чарговае даследаванне кампаніі «Журналісты за талерантнасць», якое тычылася асвятлення тэматыкі сэксуальных меншасцяў (ЛГБТ-тэматыкі) у беларускіх СМІ паказала — беларусы не талерантныя. Ды й не могуць быць такімі.
Агульны графік публікацый у даследаваных СМІ. Прэзентацыя Дзмітрыя Кармазіна
А тая «талерантнасць», якую прапагандуюць улады, зусім не ёсць сапраўднай талерантнасцю.
Журналісты даследавалі беларускую талерантнасць на звыклай тэме — адносінах да геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендэраў. Маніторынг ахапіў кантэнт інтэрнэт-версій беларускіх СМІ за перыяд с ліпеня 2013 года па май 2014-га. Даследаваліся выключна інтэрнэт-сайты 11 выданняў: «Народная воля», «Новы час», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Радыё Рацыя» TUT.by, «СБ — Беларусь сегодня», ОНТ, БТ, БелТА, «Народная газета». Такі расклад аўтар маніторынгу Дзмітрый Кармазін патлумачыў тым, што гэта не «нішавыя» СМІ, а агульнатэматычныя, і разлічаныя на шырокую аўдыторыю.
Дзмітрый Кармазін распавядае, як ён даследаваў беларускія медыі
Маніторынг рабіўся вельмі проста: Кармазін задаваў у пошук гэтых сайтаў словы «гей», «лесбіянка», «ЛГБТ», «ЛГБТ-актывіст», гомасэксуал», «гомасэксуаліст» у розных формах, і глядзеў, што з гэтага атрымаецца. Асабліва Дзмітрый дадаў у пошук абразлівае слова «підар». «Што тычыцца апошняй дэфініцыі, то я ўзяў яго для тэсту, бо лічыў, што яно можа патрапіцца ў журналісцкіх матэрыялах, але не патрапілася. Пакуль што такія словы беларускія СМІ не выкарыстоўваюць», — адзначыў Кармазін.
Што ў яго атрымалася? Атрымалася тое, што Кармазін назваў «сумнай справай». «Сумнай» не таму, што такая сітуацыя, а таму, што працаваць было сумна. Практычна маніторынг паўтарыў вынікі мінулага году: лета 2012 — лета 2013-га. Па пошуке Дзмітрый знайшоў толькі 257 матэрыялаў на тэматыку, якая тычыцца геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і транссэксуалаў. З іх толькі 28%, альбо 72 матрэрыялы прысвечаны «беларускаму жыццю», то бок айчыннай ЛГБТ-супольнасці. Астатнія 185 матэрыялаў тычацца замежных падзеяў, і ў асноўным гэта перадрукоўкі пра тое, што, па выразе Кармазіна, «нельга было не заўважыць».
Нязначную колькасць матэрыялаў пра жыццё беларускай ЛГБТ-супольнасці Кармазін тлумачыць тым, што ЛГБТ-актывісты «сышлі ў цень», і ў СМІ не было інфармацыйных нагодаў пра іх узгадваць. Сапраўды, гэтым годам не было ані «Гей-параду», ані нейкіх мерапрыемстваў па такой тэматыцы. А «высмоктваць тэму з пальца», карыстаючыся нагодамі кшталту чарговага сусветнага дня за свабоду ЛГБТ, беларускія журналісты не вельмі любяць.
Да таго ж, ад беларускіх геяў і лесбіянак адчапілася міліцыя. «Калі ў мінулым годзе былі аблавы ў гей-клубах, то пра гэта пісалі амаль усе, нават кансерватыўныя выданні. Зараз такога не было, і, адпаведна, не было тэмы, на якую б можна было б напісаць», — адзначыў Кармазін.
Маніторыг СМІ быў сумным, шкадуе Кармазін
Што тычыцца зместу матэрыялаў, то ў іх пераважае нейтральны характар стаўлення да ЛГБТ-супольнасці. Найбольш талерантныя, канешне, недзяржаўныя СМІ. Напрыклад, «Радыё Свабода», якая стварае збольшага ўласны кантэнт і не вельмі надае ўвагу перадрукам, напісала за год 62 матэрыялы на ЛГБТ-тэматыку, з іх 33 — пазітыўныя, а астатнія — нейтральныя. Мабыць, гэта тлумачыцца тым, што ў гэтай рэдакцыі існуюць «амерыканскія стандарты» талерантнасці і падыходу да гэтай тэмы. «СБ — Беларусь сегодня», якая амерыканскай рэдакцыйнай палітыкай, відавочна, не карыстаецца, за гэты ж перыяд выдала 28 матэрыялаў, з якіх пераважная большасць (21) адмоўнага характару і астатнія 7 — нейтральныя. «Пазапалітычны» TUT.by паставіў на сваім рэсурсе 113 матэрыялаў пра геяў і лесбіянак, але з іх 101 матэрыял быў прысвечаны замежным падзеям, і толькі 12 — беларускім. З гэтых 12-ці станоўчых было 5, нейтральны — 1, і 6 «адмоўных».
«Што тычыцца «СБ — Беларусь сегодня», то ў іх, на мой погляд, дзіўная рэдакцыйная палітыка. Калі яны бяруць інтэрв’ю, напрыклад, у Вячаслава Малежыка, альбо ў сербскага трэнера па барацьбе, то ім абавязкова задаюцца пытанні па іх стаўленні да геяў. Прычым, такое пытанне з кантэксту інтэрв’ю не вынікае, і часцяком яно там нават недарэчнае», — адзначыў Кармазін.
І яшчэ адна заганная рэч праскоквае ў беларускіх медыя, у асноўным, дзяржаўных. «Калі пішацца пра скандалы з педафіліяй, а такіх матэрыялаў у беларускай прэсе было даволі багата, неяк аўтаматычна ставіцца знак роўнасці паміж педафіламі і геямі. Зразумела, не ўсе геі — педафілы, і не ўсе педафілы — геі. Але я не знайшоў такіх матэрыялаў, у якіх бы мне гэта патлумачылі, хутчэй, наадварот», — адзначыў Кармазін.
"Новы час" эксперта прыемна ўразіў
Што тычыцца нашага любімага «Новага часу», то ён патрапіў у тую «кроплю ў моры», як называе яе Кармазін, якія лічаць, што «ад нараджэння ўсе людзі роўныя». «Мяне вельмі здзівіў «Новы час». Я спачатку знайшоў перадрукоўкі з «Новага часу» на іншых рэсурсах, а потым і сайт. Гэта штотыднёвік, і матэрыялаў ў ім няшмат. Але тыя матэрыялы, якія я ў іх знайшоў, былі матэрыяламі з пазітыўнай афарбоўкай», — адзначыў Кармазін.
Так што беларусы яшчэ далёкія ад поўнай талерантнасці, прынамсі, у адносінах да ЛГБТ-супольнасці.
Дарэчы, па меркаванні даследчыцы, каардынатара па гендэрных пытаннях Усходнееўрапейскай сеткі міратворчых арганізацый Глабальнага партнерства па прадухіленні ўзброеных канфліктаў Віёлы Ермаковай, у сучасных умовах беларусы не могуць быць талерантнымі.
Беларусы не могуць быць талерантнымі, лічыць Віёла Ермакова
«Справа ў тым, што кіраўнік дзяржавы і ягоныя прыхільнікі тыражуюць гэтае клішэ «талерантнасці» так, як яны гэта разумеюць — тое, што ў нас не можа быць рэвалюцыі, і іншых сутыкненняў. А на самой справе гэты міфалагічны слаган выгадны выключна палітычным сілам. Гэта клішэ вельмі выгаднае дзяржаве для захавання статус-кво. Тое ж тычыцца і адваротнага боку: калі мы талерантныя, тады мы — еўрапейцы, падзяляем еўрапейскія каштоўнасці талерантнасці. І гэты стэрэатып ламаць нікому не выгадна ні з аднаго, ні з іншага боку», — адзначыла Ермакова.
Але, па яе меркаванні, сама беларуская сістэма талерантнасці ну аніяк не спрыяе. «Беларусы не могуць быць талерантнымі па адной і простай прычыне. Талерантнымі можна быць пры дэмакратыі, калі людзі абмяркоўваюць свае праблемы ў грамадстве. А ў нас выбудоўваецца ўладная піраміда, і першае, што робяць аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы — яны забіваюць сферу палітычнага. Сфера палітычнага — гэта не выбары, не электаральныя кампаніі, не кандыдаты і ўлёткі. Сфера палітычнага — гэта месца, куды людзі могуць прыходзіць і казаць: мы лічым, што краіна развіваецца няправільна, і мы хочам змяніць тое і тое. А іхныя апаненты прыходзяць у тое ж месца, і кажуць: у нас усё добра, не трэба нічога мяняць. І яны пачынаюць дыскутаваць, стасавацца, і бачаць людзей з іншымі светапоглядамі. І вось у гэтай публічнай прасторы пачынаецца дыялог», — кажа Ермакова.
А калі ўсе «крочаць у нагу» у адным боку, зразумела, ўзнікае непаразуменне і агрэсія ў адносінах да тых, хто «ў нагу» крочыць не жадае і не збіраецца. «Каб усе ішлі ў адным накірунку, дзяржава імкнецца забіць гэтыя пляцоўкі дыялогу. І гэтае «забойства» пачынаецца з незалежных СМІ: беларускія журналісты добра ведаюць пра свае праблемы. Потым знішчаюцца недзяржаўныя арганізацыі — і блок НДА гэта добра адчуў» — адзначыла Ермакова. У нармальным свеце трэцяй мішэнню становіцца ўніверсітэт і акадэмічная дыскусія, але ў нас сістэма ўніверсітэтаў сама па сабе савецкая, без самакіравання і вольніцы.
Знішчэне «пляцовак дыялогу» прыводзіць да неталерантнасці. Чалавек жыве ў краіне, дзе ён не бачыць «іншых» ні ў СМІ, ні на нейкіх канферэнцыях, ні ў НДА (таму што ён не бачыць НДА) ні на вуліцы. І як толькі рапнам ён бачыць гэтых «чужых», хоць краем вока, у яго пачынае развівацца ксенафобія. Бо ён не звык да іх, «іншыя» ламаюць ягоны звыклы малюнак свету, і праз гэтую ломку ў яго пачынаецца шалёная негатыўная рэакцыя. То бок, неталерантнасць і агрэсія.
Віёла Ермакова: беларусы карыстаюцца іміджам талерантных, таму што не бачаць "іншых"
«Напрыклад, у Расіі шалёна развіваеца гэтая ксенафобія. У Беларусі пакуль не, але гэта проста таму, што мы «іншых» не бачым. У нас не так шмат замежнікаў, як у Расіі, а тыя, хто ёсць, напрыклад, ЛГБТ-супольнасць, імкнуцца «сысці ў цень». Прыкладам, я размаўляла з беларускімі мусульманамі. Яны кажуць: «Не, мы не жадаем з’яўляцца ў СМІ, бо вы ж бачыце, што творыцца ў свеце, бо шалёная ісламафобія». Ім лепш сысці ў цень. Але гэта прыводзіць да таго, што людзі іх не бачаць, яны да іх не звыкаюць, і градус гэтай шалёнай ісламафобіі ад гэтага толькі ўзрастае», — зазначае Ермакова.
Зараз кампанія «Журналісты за талерантнасць» якраз праводзіць даследаванне ролі СМІ ў гэтым працэсе і «мовы варажнечы» у беларускіх СМІ. Гэтае даследаванне толькі пачалося, але ягоныя ініцыятары абяцаюць шмат ціквага — і нават уручэнне своеасаблівай антыпрэміі самым ксенафобным рэдакцыям і журналістам. Але гэта будзе потым. Мы даведаемся пра асаблівасці неталерантнасці беларусаў недзе праз паўгодзіка.