Някляеў: Быкаў змагаўся, каб Беларусь была Беларуссю, а Украіна — Украінай

Паэт Уладзімір Някляеў напісаў адкрыты ліст міністру адукацыі і навукі Украіны Сяргею Шкарлету з нагоды рашэння пра выключэнне твораў Васіля Быкава са школьнай праграмы.

Уладзімр Някляеў. Бычкі, чэрвень 2016 г. Фота Аксаны Колб

Уладзімр Някляеў. Бычкі, чэрвень 2016 г. Фота Аксаны Колб


Творы Васіля Быкава былі выключаныя з украінскай школьнай праграмы, як і творы расійскіх паэтаў і празаікаў.
"Цікава, што ў сваёй пастанове пра выдаленне "Альпійскай балады" са школьнай праграмы чыноўнікі міністэрства называюць змест гэтай сусветна вядомай аповесці Быкава гуманістычным: "Протиставлення сили дружби й кохання світу насильства — гуманістичний зміст повісті". Дык а сёння Украіна хіба не свету насілля супрацьстаіць? І ў гэтым супрацьстаянні людзі гэткага мужнага лёсу, пісьменнікі такога таленту, як Васіль Быкаў, — нашы паплечнікі. З імі мы мацней. Як з Янкам Купалам і Тарасам Шаўчэнкам.

Васіль Быкаў — найвыбітная асоба не толькі ў сучаснай беларускай літаратуры, але і ў нашым сённяшнім жыцці. Ён пісьменнік, які ў сваёй творчасці заўсёды адстойваў праўду. Ён змагаўся за нашу мову, за нацыянальную культуру і гісторыю. За тое, каб Беларусь была Беларуссю, як і Ўкраіна — Украінай. Таму спадзяюся, што чыноўнікі, якія ў запале абышліся з ім, з памяццю пра яго, мякка кажучы, непаважліва, выправяць памылку. Такія постаці, як Васіль Быкаў, не мусяць забывацца новымі пакаленнямі, сыходзіць з шэрагу барацьбітоў за нашу будучыню".

Паводле Еўр*радыё